Лукашэнка: Дэкрэт аб дармаедах дапрацуюць, але адмяняць не будуць

video

Дэкрэт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» захаваюць, але ліквідуюць выяўленыя недахопы.

Такое патрабаванне паставіў на нарадзе 6 снежня лідар краіны Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён прызнаў, што «былі прапановы ледзь не адмовіцца ад гэтага дэкрэту: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і шмат якія іншыя пытанні».

«Мы цяпер ужо больш-менш бачым, што даў гэты дэкрэт, якія станоўчыя бакі гэтага дакументу. Недахопы ёсць? Ну што ж, давайце папраўляць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка краіны.

Паводле словаў лідара дзяржавы, «чалавек, які можа працаваць, не інвалід, не абмежаваны ў нейкіх здольнасцях і магчымасцях, мусіць працаваць, зарабляць на сябе і сваю сямʼю і прыносіць карысць краіне, выплачваючы падаткі».

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што «нярэдка позвы на выплату збору паступаюць ад падатковых інспекцыяў грамадзянам, якія не абавязаныя плаціць гэтага збору і не павінны былі ўключацца дзяржаўнымі органамі ў спісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках, нават жаўнерам тэрміновай службы».

«У гэтай сітуацыі заўсёды будуць нейкія недахопы. Галоўнае, каб мы бачылі гэтыя недахопы і своечасова іх ліквідавалі», – падкрэсліў Лукашэнка.

У сваю чаргу віцэ-прэмʼер Наталля Качанава адзначыла, што дэкрэт зʼяўляецца актуальным, абʼектыўным і неабходным, аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, на ўцягванне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва.

Беларусы патрабуюць адмяніць закон аб утрыманстве, бо ў Беларусі цяпер вельмі мала працоўных месцаў, а тыя, якія існуюць, – з вельмі нізкім заробкам.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары