50 000 «лістоў шчасця» для дармаедаў: што можа быць далей?

video

Сустрэча экспертаў у Менску мае дапамагчы ўсім, хто трапіў пад дзеянне закону, які ў народзе атрымаў назву дэкрэту аб дармаедах. Адная з гасцей круглага стала – жыхарка Дзяржынску Марыя Колас. Ейнага мужа, былога прадпрымальніка, дзяржава залічыла ў спіс асобаў, якія не бяруць удзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

«Яму прапаноўвалі працу на чыгунцы за Br 4 млн. Пражыць на такія грошы з сямʼі ў якой трое дзяцей папросту немагчыма. Мой муж вырашыў працаваць на сябе. За запрацаваныя грошы ён будуе нам дом», – распавяла Марыя Колас.

Паводле прэзідэнцкага дэкрэту, былы прадпрымальнік мусіць заплаціць сёлета падатак за быццам дармаедства памерам дваццаць базавых велічыняў, іншымі словамі – больш за Br 400.

Закон не адпавядае канстытуцыі

Закон, які пачаў дзеяць летась, юрысты з пачатку лічаць не адпаведным канстытуцыі.

«Падатак незаконны. Чалавек мае права на працу. Гэта не абавязак. Калі ў сямʼі добра зарабляе муж – жонка можа не працаваць. Гэта праблемы сямʼі а не дзяржавы», – зазначыў Генадзь Федыніч з прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці.

Новы закон меўся стымуляваць людзей да працы

Маўляў, асобы, якія не працуюць і не плоцяць падаткаў, прыносяць дзяржаве страты, бо бесперашкодна карыстаюцца паслугамі, фінансаванымі з бюджэту, што развівае сацыяльнае ўтрыманства. Днямі Міністэрства падаткаў і збораў заявіла, што адпаведныя органы звярнуліся да пяцідзесяці тысячаў жыхароў Беларусі з патрабаваннем заплаціць падатак дармаедаў.

Што можа быць далей?

«Людзі тысячамі звальняюцца з малых і вялікіх прадпрыемстваў. Працы няма, замяшчэння таксама. Таму колькасць дармаедаў будзе толькі павялічвацца», – упэўнены праваабаронца Гары Паганяйла.

Як супрацьстаяць гэткім паборам ад імя дзяржавы?

На гэтае пытанне намагаюцца адказаць прадстаўнікі прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці разам з сябрамі Беларускага Хельсінкскага камітэту ды іншымі праваабарончымі арганізацыямі. Сёння вядома адно: беларусы маюць права спрачацца з падаткавікамі.

«Прававых механізмаў шмат. Пачынаючы аб абскарджання дзеяння падаткавай інспекцыі, звяртанне ў вышэйшыя органы, звяртанне ў суд, зварот у міжнародныя арганізацыі, салідарныя дзеянні грамадзянаў», – патлумачыў Гары Паганяйла.

Закон шкодзіць бюджэту краіны!

Юрысты прафсаюзу РЭП прапаноўваюць грамадзянам адпаведную дапамогу. Да таго ж арганізацыя плануе звярнуцца да кіраўніка краіны з патрабаваннем прыпыніць дзеянне дэкрэту. Эксперты мяркуюць, што, апрача грамадзянаў, закон шкодзіць і бюджэту краіны.

«Няхай новы парламент зробіць запыт: колькі сёння народных грошай з бюджэту выдаткавалі на тое, каб атрымаць нешта ў бюджэт. Калі гэта будзе зроблена, то акажацца што 5% атрымалі, а 95% патрацілі. Навошта гэта рабіць?», – даводзіў Генадзь Федыніч.

Штрафы, арышты, прымусовыя працы

Аднак гэткія выдаткі засакрэчаныя. Месяц таму кампанія «Гавары праўду!» скіравала ў Міністэрства падаткаў запыт. Аднак ведамства адмовіла выявіць кошты пошукаў дармаедаў. Юрысты, якія працуюць з людзьмі, не выключаюць, што новы закон можа выклікаць хвалю незадаволенасці ў грамадстве.

Пакуль жа тым, хто плануе не плаціць падатку, дзяржава пагражае штрафамі, а нават арыштамі і прымусовымі працамі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары