Літоўцы рыхтуюцца да партызанскай вайны ў супрацы з NATO


У выпадку вайсковай агрэсіі каля 5000 літоўскіх добраахвотнікаў гатовыя да партызанскай вайны на сваёй тэрыторыі.

Канкрэтыка «Хаўрусніцкага духу»

Фотаздымкі, на якіх бачна, як літоўскія добраахвотнікі ў рыхтуюцца абараняць Бацькаўшчыну, апублікавала ўчора ў сваім «Twitter’ы» Камандаванне спецыяльных сіл ЗША ў Еўропе.

Байцы Добраахвотніцкіх сіл нацыянальнай абароны Літвы арганізуюць засаду на калону бранятэхнікі з выкарыстаннем стралковай і супрацьтанкавай зброі падчас вучэнняў Allied Spirit VIII.
Фота: U.S. Army

Гэта фота з вучэнняў «Хаўрусніцкі дух VIII» (Allied Spirit VIII), якія адбыліся ў студзені-лютым 2018 году. Яны адбыліся на нямецкім палігоне Гогенфельс з удзелам амаль 2420 жаўнераў і афіцэраў з ЗША, Літвы, Канады, Чэхіі, Албаніі, Даніі, Італіі, Польшчы, Румыніі і Вялікай Брытаніі. Асноўная мэта вучэнняў – падвышэнне эфектыўнасці супрацы вайскоўцаў з розных краінаў на полі бою.

Аднак, відавочна, манеўры засведчылі і некаторыя характэрныя рысы падрыхтоўкі ўсходніх дзяржаў-чальцоў НАТО да вялікай вайны ў нашым рэгіёне.

Партызанская вайна

Жаўнер KASP вучыцца страляць з ПЗРК «Stinger» пад наглядам амерыканскага інструктара падчас вучэнняў Allied Spirit VIII.
Фота: U.S. Army

На фота бачна, як жаўнеры ў камуфляжы і ў цывільнай вопратцы ладзяць напады на варожыя транспартныя калоны, выкарыстоўваючы штурмавыя вінтоўкі, кулямёты, трэніровачныя версіі супрацьтанкавых гранатамётаў. Таксама партызаны палююць на самалёты і верталёты – вядуць агонь з імітацыяў пераносных зенітна-ракетных комплексаў «Stinger».

Байцы не толькі пераапранаюцца ў цывільнае, яны выкарыстоўваюць цывільны аўтатранспарт для разведвальных і дыверсійных аперацыяў. Праходзіць падрыхтоўка і да працы з выбуховымі рэчывамі ды мінамі.

Амерыканскія камандас і добраахвотнікі з KASP выгружаюцца з цывільных мікрааўтобусаў падчас вучэнняў Allied Spirit VIII.
Фота: U.S. Army

«Як адзначаюць замежныя каментатары, вучэнні з выкарыстаннем падобнай тактыкі падчас манеўраў з хаўруснікамі паказваюць, якую ролю ў канфлікце будуць граць спецыяльныя сілы і фарміраванні тэрытарыяльнай абароны. Асабліва гэта датычыцца краін Балтыі, для якіх пагроза нападу з боку Расеі лічыцца асабліва высокай», – адзначае польскі ваенна-інфармацыйны партал defence24.pl.

Каб паказаць, што дзеянні Масквы выклічуць вайсковую рэакцыю НАТО, у Латвіі, Літве, Эстоніі і Польшчы былі размешчаныя шматнацыянальныя батальённыя групы – вартавыя сілы НАТО. У той жа час дзеянні партызан у выпадку агрэсіі павінны адцягнуць акупацыю Балтыі і даць Альянсу час на збор войскаў і арганізацыю дапамогі.

Абарона па ўсіх франтах

Сама Вільня акрамя падрыхтоўкі добраахвотнікаў працуе і над узмацненнем сваіх рэгулярных войск – было прынята рашэнне пра вяртанне абавязковага прызыву ў армію. Гэта дазваляе сфармаваць новыя часткі Узброеных Сіл краіны. У выніку, калі ў 2016 годзе Літва мела 16 500 жаўнераў, то ў 2018 гэтая колькасць, як чакаецца, падвысіцца на 20 %.

Таксама ўмацоўваюцца тэхнічныя магчымасці арміі паўночнага суседа – набываюцца найноўшыя супрацьтанкавыя комплексы, сучасная бранятэхніка і артылерыя.

Дзяўчыны з Саюзу літоўскіх стралкоў вучацца аказваць медычную дапамогу.
Фота: Міністэрства абароны Літвы

Узмацняюцца і паўвайсковыя добраахвотніцкія арганізацыі – такія як Саюз літоўскіх стралкоў (Lietuvos šaulių sąjunga), які спачатку быў створаны ў 1919 годзе, а потым адроджаны ў 1989-м. Кожны здаровы псіхічна і фізічна грамадзянін краіны мае права на набыццё агняпальнай зброі, у тым ліку наразной. Цяпер на руках цывільных знаходзіцца больш за 100 000 адзінак вінтовак, стрэльбаў і пісталетаў.

Баец Добраахвотніцкіх сіл нацыянальнай абароны падчас вучэнняў у ЗША.
Фота: Міністэрства абароны Літвы

У абароне родных хат

Што да Добраахвотніцкіх сіл нацыянальнай абароны (KASP) – гэта часткі тэрытарыяльнай абароны, якія налічваюць больш за 4700 чалавек, і інтэграваныя ў Узброеныя сілы краіны. З аднаго боку яны пакліканыя да ваеннай падрыхтоўкі ахвотных з ліку цывільных грамадзянаў, да забеспячэння патрэбаў у часе тэхнагенных і прыродных катастроф, да патрыятычнай адукацыі моладзі.

Снайпер Добраахвотніцкіх сіл нацыянальнай абароны назірае за пазіцыямі «праціўніка» падчас начных манеўраў у ходзе вучэнняў Allied Spirit VIII.
Фота: US Spec Ops Europe

З іншага, як мы бачым, байцы KASP рыхтуюцца да партызанскай вайны і атрымліваюць разведвальную ды дыверсійную падрыхтоўку для дзеянняў у тыле праціўніка.

На жаль, нічога падобнага ў Беларусі мы не бачым – дзяржава з падазрэннем ставіцца да цывільных ініцыятыў у сферы абароны краіны, баіцца даць грамадзянам права на зброю, а спробы па стварэнні дзеяздольнай тэрытарыяльнай абароны пакуль не даюць выніку.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў