Курдскія баевікі ўзялі на сябе адказнасць за выбухі ў Стамбуле


Адказнасць за выбухі Стамбуле ўзяла на сябе радыкальная курдская групоўка «Ястрабы вызвалення Курдыстану».

Увечары 10 снежня ў цэнтральнай частцы Стамбулу прагрымелі два выбухі: спачатку выбухнула аўта, праз 45 секундаў яшчэ адну бомбу прывёў у дзеянне смяротнік. У выніку тэракту загінулі 38 асобаў і 155 пацярпелі. Большая частка пацярпелых – працаўнікі паліцыі, якія дзяжурылі побач са стадыёнам.

Выбухі адбыліся пасля матчу «Бешыкташа» з «Бурсаспора».

Пасля тэракту прэмʼер-міністр Турцыі заявіў, што за атаку «практычна без сумневу» адказная Рабочая партыя Курдыстану, з якой, як мяркуецца, звязаныя «Ястрабы вызвалення Курдыстану», паведамляе «Reuters».

Паводле кіраўніка МУС Турцыі Сулеймана Сойлэ, па справе аб тэракце ўжо затрыманыя 13 асобаў.

Групоўка «Ястрабы вызвалення Курдыстану» дзейнічае з 2004 года. Мяркуецца, што арганізацыя шчыльна супрацоўнічае з Рабочай партыяй Курдыстану, якую ўлады Турцыі называюць тэрарыстычнай арганізацыяй. Прадстаўнікі партыі сцвярджаюць, што разарвалі адносіны з «ястрабамі».

10 снежня рэпартаж «Забароненыя песні Курдыстану» быў абраны найлепшым рэпартажам 2016 г.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў