Best of the Best. «Белсат» падводзіць вынікі 2016-га

video

Кожны год наш тэлеканал выбірае найлепшы фільм, рэпартаж, інфармацыйны ды інтэрнэт-матэрыял, а таксама асобу года. Уручэнне ўзнагародаў увечары, але нам удалося падглядзець імёны пераможцаў. Прадстаўляем Вашай увазе – усё самае цікавае і важнае з таго, што «Белсат» зрабіў у 2016 г.

Фільм года

У гэтай намінацыі перамог фільм Юрыя Каліны «Сярожа».

Стужка распавядае пра лёс беларускага прадпрымальніка, які нарадзіўся і жыве ў Польшчы. Герой фільму Сяргей Нічыпарук жыве ў вёсцы Буды ў Белавежскай пушчы. Спачатку ён быў камуністам, пасля скончыў праваслаўную семінарыю ды ўзначаліў суполку антыкамуністычнага прафсаюзу «Салідарнасць», цяпер мае свой бізнес.

На ягонае жыццё паўплывала гістарычная траўма, і ў гэтым сэнсе ягоная біяграфія – адлюстраванне лёсу цэлай беларускай праваслаўнай меншасці, якая жыве ва ўсходняй частцы Падляскага ваяводства. За лаяльнасць беларусаў да камуністычнага рэжыму, які ўсталяваўся ў Польшчы пасля вайны, ім адпомсцілі ўдзельнікі антыкамуністычнага падполля. На Падляшшы адбыліся пагромы некалькіх беларускіх вёсак, у якіх загінулі 79 чалавек. Доўгі час беларусы маўчалі пра забойствы, баючыся чарговай помсты.

Рэпартаж года

«За адвагу і прафесіяналізм у паказанні лёсу народу, які жыве без уласнай краіны» праца Конрада Загурскага і Сяргея Марчыка «Забароненая песня Курдыстану» перамагла ў намінацыі рэпартаж года.

У рэпартажы паказваецца трагедыя народу, падзеленага паміж некалькімі дзяржавамі.

Лёсы беларусаў і курдаў – вельмі падобныя, але нам пашанцавала: мы ўсё яшчэ маем незалежнасць. Хоць гэтак жа як курды пакутуем ад наступстваў знішчэння нашай інтэлігенцыі. Большасць сённяшніх беларусаў абыякавыя да палітыкі, і праз гэта мы рызыкуем страціць суверэнітэт. Курды ж стагоддзямі змагаюцца за незалежнасць, але дагэтуль яе не маюць. Перадусім гэта вулічныя пратэсты ды ўзброены супраціў, пра якія мы ведаем з выданняў навінаў. «Забароненая песня Курдыстану» распавядае пра барацьбу за права жыць у сваёй дзяржаве.

У гэтай катэгорыі адзначаны рэпартаж Марыі Булавінскай «Над сістэмай».

Па вайне выпускніка Гомельскага педагагічнага інстытуту Яўгена Ткача запрасілі на службу ў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў аддзел росшуку калабарантаў часоў Другое сусветнае вайны. Па нейкім часе малады афіцэр пачаў усведамляць, што не ўсё так проста – не ўсіх калабарантаў можна было, як сцвярджаў савецкі рэжым, назваць здраднікамі Радзімы. Гэта паклала канец ягонай працы ў МДБ… Але савецкі рэжым так проста не выпускаў са сваіх кіпцюроў былых працаўнікоў – Яўгена Ткача ўвесь час пераследавалі… У 1950-ых ён выпадкова дазнаўся пра Курапаты, гісторыю якіх пасля таемна расследаваў. Знаёмы таксама з ахвярамі расстрэлу на 9-ым кіламетры ад Гомля, некаторыя з якіх цудам ацалелі. Вядома, што ўлады і дасюль не прызналі за сабою віны за забойствы «імперыі зла». Але Яўген Ткач упэўнены: рэжым можа знішчыць імкненне дашукацца праўды.

Публіцыстычная праграма года

Найлепшаю публіцыстычнаю праграмай года стаў «Прыват з Валярынай Куставай»

Канкурэнтам «Прывату» быў міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет». Праграма, ў якой распавядаецца, чым жыве планета і як яна мяняецца? І якім чынам гэтыя змены ўплываюць на нас?

Інтэрнэт-навіна года

Аналіз забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета і фотафакт аварыі на БелАЭС мы лічым самымі важнымі навінамі, якія былі апублікаваныя на Belsat.eu і якія мелі рэальны ўплыў на грамадскую думку не толькі ў Беларусі, але таксама атрымалі міжнародны розгалас.

Польскі антытэрарыст: «Мужчына з кійком на відэа можа быць забойцам Шарамета». Аўтар гэтага матэрыялу – Сяргей Пеляса.

На Астравецкай АЭС абрынуліся стойкі будучага будынку ядравага абслугоўвання

Намінантам у гэтай катэгорыі быў таксама артыкул Змітра Ягорава, прысвечаны беларускай міліцыі. Аўтар матэрʼялу фактычна запусціў у сеціве сацыяльную кампанію супраць нядобрасумленных прадстаўнікоў беларускага МУС.

«Гражданін, прайдзёмце!» Распавядзіце, як #маяміліцыя вас беражэ!

Інфармацыйны матэрыял года

Найлепшым інфармацыйным матэрыялам–2016 стаўся сюжэт Станіслава Івашкевіча «Як забівалі Мотавела» аб банкруцтве «Матацыклетнай кампаніі Менск-Мота».

Намінантамі ў гэтай катэгорыі быў таксама матэрыял Віталя Бабіна пра надзел зямлі, які Аляксандр Лукашэнка падарыў катарскім шэйхам.

Шанец на перамогу ў гэтай катэгорыі меў сюжэт Вольгі Старасцінай і Кастуся Жукоўскага пра рыхтаванне Гомельшчыны да прыезду кіраўніка Беларусі.

Асоба года

Званне «Асоба года-2016» заваяваў гомельскі журналіст-фрылансэр Кастусь Жукоўскі.

Кастусь Жукоўскі неаднаразова атрымліваў буйныя штрафы за «працу без акрэдытацыі» і за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Сёлета, пратэстуючы супраць забароны на журналісцкую дзейнасць, ён зашыў сабе рот.

У чэрвені падчас здымкаў групу «Белсату», у тым ліку і Кастуся Жукоўскага моцна збілі міліцыянты.  Па факце збіцця журналіст напісаў заяву ў Следчы камітэт.

Намінантам на званне «Асоба года» быў таксама дакументаліст Андрэй Куціла. У 2015 г. ягоны фільм, зняты для «Белсату», перамог на беларускім кінафестывалі «Лістапад».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары