Культурнай прасторы «ЦЭХ» – 1100 дзён


Папулярная ў Менску мастацкая галерэя адзначае 3-хгоддзе.

«Мы існуем, – зазначае Юлія Дарашкевіч, – дзякуючы людзям, якія нам дапамагалі, гэта людзі, якія працавалі не за грошы, рабілі нейкія крутыя рэчы толькі таму, што яны хацелі дапамагчы нам».

Спачатку галерэя месцілася ў старым цэху прыборабудаўнічага заводу на вуліцы Броўкі, але не прайшло і года, як уласнік скасаваў дамову. Але, на думку дырэктаркі, «ЦЭХу» гэта пайшло толькі на карысць. Два гады таму «ЦЭХ» пераехаў на вуліцу Кастрычніцкую, прастора галерэі павялічылася ў 7 разоў і фактычна запрацавала як арт-цэнтр: тут з’явіліся бібліятэка, трансляцыі ды лекцыі па гісторыі мастацтва.

Цяпер у «ЦЭХу» ёсць дзве залы і вялікі ангар, тут ладзяцца не толькі канцэрты, лекцыі ды выставы, але і Месяц фатаграфіі – самы буйны фестываль фотамастацтва ў краіне.

Як лічыць філосаф Вольга Шпарага:

«Важна, што «ЦЭХ» месціцца не ў цэнтры гораду, бо гэта дазволіла Менску атрымаць новы маршрут, і гэта не проста маршрут, звязаны з сучасным мастацтвам, бо вакол «Цэху» цяпер віруе жыццё, гэта такі пункт на Кастрычніцкай вуліцы, якая шмат у чым змяніла мапу культурніцкага жыцця Менску».

Калектыў «ЦЭХу» ў першую чаргу прасоўвае сучасную фатаграфію, бо яна, на думку Андрэя Лянкевіча, пакуль не ўспрымаецца беларусамі як асобны від мастацтва. Таму каманда «Цэху» свядома імкнецца прывезці выставы, якія б закранулі беларускага гледача: ці гэта партрэт найлепшай даяркі Беларусі з праекту Рафала Мілаха «Пераможцы» або трус без скуры на руках вермеераўскай дзяўчыны з серыі «Дзікія».

Кажа арт-дырэктар прасторы «ЦЭХ» Андрэй Лянкевіч:

«Пашыраем межы, паказваем тое, што можа захапіць, паказваем тое, што можа шакаваць, паказваем тое, што натхняе людзей».

З нагоды юбілею каманда «ЦЭХу» падрыхтавала выставу пра саміх сябе – паглядзець фота і відэа з мінулых імпрэзаў, пакінуць відэазварот і размаляваць сцяну галерэі на ўласны густ можна да 14 чэрвеня.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Элізе Ажэшцы 6 чэрвеня – 175 гадоў.
«Веlаrt.bу. Маладыя мастакі Беларусі» – у Гомлі.
Пад’езды – у «Падвале». Выстава Ромы Камінскага.

Наста Храловіч, Вольга Гардзейчык

Стужка навінаў