Крапівою – па нагах, каб зло сышло. Веснавыя традыцыі нашых продкаў


Са старажытных часоў вясновы росквіт асэнсоўваўся ў Беларусі са святам. Яго нашыя продкі называлі Зялёныя святкі ці Сёмуха. Пазней, з прыходам хрысціянства, – Тройца ці Духавы дзень.

Асаблівае месца займае вобраз жанчыны-прыроды, падобнай да дрэва і ўпрыгожанай вянком з кветак і зеляніны.

У аграгарадку Морач у Клецкім раёне дагэтуль не забываюць традыцыі веснавога свята. На Сёмуху мясцовыя жыхары ўпрыгожваюць сакральнай бярозкай падворкі, а клёнам – вокны і хату.

З раніцы на Тройцу (Сёмуху) вяскоўцы з Морачы асвячаюць зеляніну ў царкве. Яны вераць, такім чынам яна набывае гаючую сілу абярэгу.
Клён, які разам з дубам сасной і бярозай лічылі абрадавым дрэвам, звычайна ўтыкалі ў вокны.
Клёнам на Сёмуху ўпрыгожвалі і чырвоны кут.

Захаваўся тут і старажытны абрад Кумленне – пераход ад ролі маладой дзяўчыны ў даросласць.

Берагіні традыцыяў у вёсцы Морач зрываюць бярозавыя галінкі, каб зрабіць вянкі для дзяўчат да абраду Кумлення.
Дзяўчаты збіраюць кветкі для ўпрыгожвання бярозавых вянкоў.

Бярозавыя «жаночыя» вянкі, бярозавыя вароты і наагул маладыя бярозкі на Тройцу сімвалізавалі ў дахрысціянскай беларускай традыцыі не толькі сакральнае жаночая дрэва, але і пераўтварэнне ў маладую плодную жанчыну веснавой багіні Лёлі.

У абрадзе Кумлення ўсе дзяўчаты парамі праходзяць па чарзе праз бярозавыя вароты. Тым самым яны пераўтвараюцца ў блізкіх сябровак на ўсё жыццё ці на нейкі перыяд, пра які яны дамаўляюцца падчас абраду.
Як дзве маладыя бярозкі над галавой. Удзельніцы абраду ўмацоўваюць сувязі.

На Сёмуху бярозавыя вянкі часта выкарыстоўваліся для шлюбнай варажбы.

Дзяўчаты прывязвалі вянкі да «бярозавых варотаў» разам са стужкамі і пакідалі з імі свае пажаданні наконт будучага каханага. Ці кідалі іх на галінкі бярозы. Той вянок, які чапляўся і заставаўся на дрэве, лічыўся шчаслівым і прадказваў удалы шлюб.

Пасля адбываўся абрад ачышчэння крапівою.

Падчас абраду ачышчэння дзяўчаты хутка кружылі ў карагодзе. У цэнтры – жанчына-павітуха імкнулася пасцябаць іх крапівою і такім чынам ачысціць ад усяго кепскага.

Дзяўчына падскоквае, каб пазбегнуць крапівы падчас абрадавай гульні.
Напрыканцы ўдзельніцы абраду кідавалі вянкі ў раку разам са шлюбнымі пажаданнямі.
Калі вянок паплыве па вадзе, жаданні здзейсняцца.

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

 

Стужка навінаў