Канфлікт улады з ІП: на паперы абмежаванні пакінуць, але штрафаваць не будуць?


Такі варыянт цалкам задаволіць шматлікіх індывідуальных прадпрымальнікаў і пагасіць магчымую мітынговую актыўнасць. Так лічыць эканаміст, кіраўнік уласнай фінансавай кампаніі Аляксандр Сінкевіч. Ці ёсць рацыянальнае зерне ў ідэі забароны гандлю без сертыфікатаў? Чаму Беларусь займае 157 месца ў рэйтынгу эканамічнай свабоды? Наколькі Міжнародны валютны фонд займае справа беларускіх ІП? На гэтыя ды іншыя пытанні эксперт адказвае ў інтэрвʼю belsat.eu.

«Забарона гандлю без дакументаў – з’ява нярэдкая ўва ўсім свеце»

Міністр эканомікі Зіноўскі паабяцаў іпэшнікам знізіць штрафы за гандаль без дакументаў. Наколькі гэта важна для ІП?

Беларускія прадпрымальнікі традыцыйна з недаверам ставяцца да абяцанняў уладаў. У той жа час, цяпер у беларускіх чыноўнікаў цікавасць да ліквідацыі прадпрымальніцтва, або да павелічэння падаткаў з гэтага пласту бізнесу перакрываецца выклікам патэнцыйнага беспрацоўя. І той факт, што на вуліцах засталіся дзясяткі тысячаў ІП, можа дэстабілізаваць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне. Улады Беларусі цалкам усведамляюць гэтую рызыку, таму жорсткага прэсінгу прадпрымальнікаў у бліжэйшы час не будзе

І хто ж у выніку апынецца мацнейшым – чыноўнік ці прадпрымальнік? На апошнім форуме іпэшнікі нават пра мітынг дамовіліся…

Мяркуючы па ўсім, сітуацыя вырашаць праз нефармальны кампраміс. Гэта значыць на паперы абмежаванні пакінуць, але масавых і жорсткіх санкцыяў за іхнае парушэнне не будзе. Гэта, хутчэй за ўсё, цалкам задаволіць большасць прадпрымальнікаў, і актыў пратэстаў апынецца ў нейкім вакууме. Таму на перспектывы мітынговай актыўнасці я гляджу скептычна.

Як наагул можа ажыццявіцца гэтая дамова: маўляў, улада заплюшчвае вочы на свой жа ўказ, а ІП – сядзяць спакойна? Ці можна ўжо гандлю вяртацца?

Думаю, вяртанне на рынкі адбудзецца не цалкам і не адразу. Больш смелыя прадпрымальнікі будуць выходзіць на гандлёвыя кропкі і глядзець, ці будуць практычныя негатыўныя наступствы. І ўжо ў залежнасці ад гэтага цягам некалькіх месяцаў адбудзецца некаторая стабілізацыя актыўнасці на рынках, хоць і на больш нізкім узроўні, чым у ранейшыя гады.

Шмат хто лічыць, што, па вялікім рахунку, гандляваць без сертыфікатаў якасці – нядобра. Можа і ёсць рацыянальнае зерне ў гэтым указе?

Мэта сертыфікацыі – падтрымаць вытворцаў-рэзідэнтаў Еўразійскага саюзу і абараніць спажывецкі рынак ад таннай кантрабанды і кантрафактных тавараў. Падобныя меры нярэдкія ўва ўсім свеце і не выклікаюць масавых пратэстаў. У Беларусі праблема ў тым, што іншыя краіны-чальцы ЕАЭС не выконваюць патрабаванні па сертыфікацыі імпартных тавараў з прычыны карумпаванасці і неэфектыўнасці сваіх сістэмаў кіравання, а мытная мяжа з Расеяй адсутнічае.

Менску варта было б спачатку вырашыць гэтыя пытанні з партнёрамі па ЕАЭС, і толькі пасля гэтага брацца за ўласных іпэшнікаў. Аднак беларускія ўлады маюць вельмі абмежаваныя інструменты ўздзеяння на ЕАЭС

Чаму гэтыя сертыфікаты сталі такой складанасцю? Ці іпэшнікі вельмі танна купляюць нейкі сумнеўны тавар без сертыфікатаў?

Нелегальны тавар у Расеі каштуе значна танней, таму пры адсутнасці мытнай мяжы ён непазбежна будзе перацякаць у Беларусь – ці праз іпэшнікаў, ці паводле ашуканскім схемам, ці проста кантрабандаю. Улічваючы, што мытную мяжу проста так не арганізаваць, беларускія ўлады маглі б стварыць сетку аптовых базаў для імпартных тавараў, якія каардынавалі б іх легальны ўвоз і размеркаванне сярод мясцовых прадпрымальнікаў.

Іншая справа, што беларускія ўлады маюць цяпер шмат іншых праблемаў і не маюць кампетэнцыяў у гэтай галіне. У крайнім выпадку, самі прадпрымальнікі маглі б скааперавацца для вырашэння праблемы з сертыфікатамі, якая выклікае цяжкасці толькі ў індывідуалаў, нягледзячы на тое, што любая невялікая фірма ў стане яе вырашаць у межах прававога поля. І тут праблема ўжо ў тым, што беларускія прадпрымальнікі не схільныя да падобных спосабаў каардынацыі і не маюць такога досведу.

«Міжнародным фінансавым структурам няма справы да праблемаў беларускіх ІП»

На апошнім форуме прадпрымальнікаў заклікалі: маўляў, давайце папросім у МВФ, каб яны праз гэты ўказ не выдавалі Беларусі крэдыты. Наагул, наколькі МВФ хвалююць справы беларускіх ІП?

Я ўпэўнены, што МВФ і іншым міжнародным фінансавым інстытутам няма справы да праблемаў індывідуальных прадпрымальнікаў, бо зʼяўляюцца інструментам, перадусім, палітычным. А палітычна для наднацыянальных структураў важна захаваць макраэканамічную стабільнасць у Беларусі ды ўсходнееўрапейскім рэгіёне, пры адначасовым стрымліванні расейскіх амбіцыяў.

У гэтым сэнсе буйным фінансавым арганізацыям, як і беларускім уладам, зручней падтрымаць сеткавых рытэйлераў, а тыя, у сваю чаргу, зацікаўленыя ў знікненні індывідуальных гандляроў, якія складаюць ім пэўную канкурэнцыю. Таму апеляцыя іпэшнікаў да МВФ выглядае вельмі сумнеўна.

Нядаўна зʼявіўся новы міжнародны рэйтынг краінаў па ўзроўні эканамічнай свабоды, дзе Беларусь заняла 157-е месца. Пра што гэта кажа і наколькі наагул абʼектыўны гэты рэйтынг?

Рэйтынг цалкам абʼектыўны, улічваючы, што ён адлюстроўвае ўзровень лібералізму эканамічнай мадэлі. Правал Беларусі ў рэйтынгу абумовілі чатыры фактары, у парадку змяншэння важнасці:

1) Улады жорстка кантралююць банкаўскі сектар;
2) Улада рэдка, але радыкальна ўмешваецца ў ручным рэжыме ў правы ўласнасці;
3) Дрэнны індэкс успрымання карупцыі;
4) Нізкая свабода інвестыцыйных патокаў.

Важна памятаць, што гэты рэйтынг зусім не ідэнтычны з адзнакаю эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнай мадэлі, або магчымасцямі вядзення бізнесу. Нават ва ўмовах жорстка рэгуляванай сістэмы кіравання ў Беларусі лепш, чым у любой іншай краіне СНД, вырашаецца задача нарошчвання чалавечага капіталу, а таксама стварэння прывабнай бізнес-пляцоўкі.

Расея і Украіна займаюць гэтак жа нізкія пазіцыі (153 і 162 месцы адпаведна) – ці не змяняецца там сітуацыя? Чаму сітуацыя не паляпшаецца ва Украіне пасля рэвалюцыі?

З пункту гледжання эканамічнага лібералізму, сітуацыя ва Украіне і Расеі блізкая да беларускай – тыя ж чатыры праблемныя пункты. Цікава, што вынікі расейскай мадэлі трохі горшыя за беларускія ў рэйтынгах назапашвання чалавечага патэнцыялу і прывабнасці бізнес-пляцоўкі – і гэта нягледзячы на ​​каласальную рэсурсную базу, а ўкраінскія вынікі і зусім застаюцца на ўзроўні адсталых афрыканскіх дзяржаваў і нават пагаршаюцца цягам апошніх гадоў – насуперак ахвярам і лозунгам апошняй рэвалюцыі. Прычынай таму служыць розніца ў эканамічных мадэлях: беларуская нагадвае дзяржаўны капіталізм ва аўтарытарных усходнеазіяцкіх краінах узору 70-х гадоў, шмат каму з якіх удалося ў 80-я і 90-я зрабіць сурʼёзны тэхналагічны і эканамічны прарыў, а ўкраінская і расейская мадэлі практычна ідэнтычныя лацінаамерыканскаму кампрадорскаму алігархату, дзе прыярытэтам уладнай і фінансавай верхавіны зʼяўляецца рабаванне ўласных краінаў. Гэтую цывілізацыйную розніцу, што напрацоўваецца дзесяцігоддзямі і стагоддзямі, нельга пераадолець перыядычнымі пераваротамі ці рэвалюцыямі, што і пацвярджае лацінаамерыканская рэчаіснасць.

Размаўляў Яўген Балінскі

Стужка навінаў