Каго пакараюць за скандал на футбольным матчы ў Берасці?


Матч вышэйшай лігі паміж аўтсайдэрамі чэмпіянату Беларусі «Дынама» (Берасце) і «Дняпром» (Магілёў) скончыўся скандалам.

На апошняй хвіліне ў браму гасцей суддзём Андрэем Сарокам са Смалявічаў быў прызначаны пенальці, якога не было. Прадстаўнікі «Дняпра» адрэагавалі на несправядлівасць нецэнзурнаю лаянкай і спробаю пакінуць поле, да таго ж, яны ледзь не пабіліся з супернікам.

За чатыры туры да канца чэмпіянату «Дынама» ішло ў турнірнай табліцы перадапошнім, маючы на сваім рахунку 25 ачкоў, «Дняпро» ж займала апошняе месца (17 балаў). Для яго гэты матч быў апошнім шанцам не гуляць пераходныя матчы за права захаваць месца ў эліце.

І ўсё для «Дняпра» складалася добра. На 27-й хвіліне Антон Шрамчанка вывеў сваю каманду наперад. Справа ішла да перамогі гасцей. Але напрыканцы гульні Андрэй Сарока дадаў да паядынку пяць хвілін (хаця звычайна дадаецца дзве-тры). І калі заканчвалася апошняя хвіліна, хаўбек «Дынама» Аляксандр Перапечка ўварваўся ў штрафную і ўпаў на газон. Рэферы прызначыў вельмі сумнеўны пенальці.

Гульцы «Дняпра» на знак пратэсту паспрабавалі пакінуць поле, але трэнерскі штаб не дазволіў ім гэтага зрабіць. Калі б гэта здарылася, клуб чакала б вельмі сурёзнае пакаранне.

Акрамя гэтага паўстала некалькі сутычак паміж гульцамі камандаў. У выніку Аляксандр Перапечка з пенальці зраўняў лік. Пасля чаго да поля пабег намеснік дырэктара «Дняпра» Дзмітрый Калачоў, ад якога пасыпаліся пагрозы і абразы ў бок суддзі. Калачова спынілі рэзервовы суддзя і трэнерскі штаб «Дняпра». Затым Калачоў некалькі разоў ударыў нагамі па лаўцы запасных і кабінцы суддзі. Пасля гульні «Дняпро» адмовілася падпісаць пратакол матчу і мае намер падаць пратэст на дзеянні Андрэя Сарокі.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер «Дняпра» Юрый Лукашоў сказаў: «Не разумею і не ведаю, навошта трэнаваць каманду, навошта выходзіць гуляць у футбол, калі такое адбываецца. Хацеў, каб суддзя зайшоў у распранальню і ўсё патлумачыў. Усе бачылі гэты момант. Калі не, то можна паглядзець відэа і зрабіць высновы».

На наша пытанне: чаму так адбываецца і каму гэта выгодна? – Лукашоў адказаў: «- Не ведаю… Ёсць судзейскі камітэт, вось хай і разбіраюцца. Не разумею, чаму было дададзена пяць хвілін, вялікіх прыпынкаў у гульні не было».

Але ўжо сёння можна меркаваць, што пратэст «Дняпра» задаволены не будзе і вынік гульні застанецца ў сіле. А вось праца Сарокі і паводзіны Калачова не застануцца беспакаранымі.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў