Заснавальнік Tesla і Space X захацеў набыць дамен для свайго новага праекту Pravda, але імя аказалася занятае.
Ілан Маск палічыў, што дамен належыць расейцам.
Насамрэч адрас pravda.com належыць украінскаму выданню «Украінская праўда». Ім валодае Алена Прытула, былая партнёрка беларускага журналіста Паўла Шарамета.
У выніку Маск зарэгістраваў сугучнае даменнае імя pravduh.com. Такога слова ў ангельскай няма, але яно чытаецца менавіта як «праўда». Да таго ж, выклічнік duh носьбіты мовы ўжываюць для пацверджання відавочнага факту.
23 траўня Ілан Маск заявіў пра запуск новага праекту аб ацэнцы ўзроўню даверу да журналістаў.
Па словах прадпрымальніка, старонка «не толькі павінная быць абароненая ад ботаў, але і раскрываць тых, хто выкарыстоўвае арміі ботаў для дэзынфармацыі».
Пакуль па адрасе pravduh.com нічога няма.
ДД