«Хуткія спатканні» па-беларуску: як гэта было


Спаткацца, пазнаёміцца, распавесці пра сябе, і – камусьці спадабацца ці знайсці таго, хто падабаецца табе. І ўсё гэта – па-беларуску.

Модны ва ўсім свеце трэнд «speed dating», або «хуткія сустрэчы», прыйшоў і ў Беларусь. Вось толькі мэта тут не столькі знайсці сабе партнёра (хаця і гэта не выключаецца), колькі завесці беларускамоўных сяброў.

«Хуткія спатканні па-беларуску гэта такі своеасаблівы працяг »мовы ці кавы«. Многія прыходзілі на »Мову ці каву, каб перазнаёміцца, каб знайсці сабе беларускамоўны асяродак. А тут мы ім адразу кажам, вы прыходце, каб перазнаёміцца. Каб знайсці сабе добрых сябровак. Прыгожых хлапцоў беларускамоўных», – гаворыць арганізатар спатканняў Францішак Вячорка.

Правілы спатканняў простыя. Дзяўчаты размяшчаюцца за столікамі з нумарамі. Праз кожныя 4 хвіліны гучыць сігнал, і хлопцы перасаджваюцца ад адной дзяўчыны да іншай. Па выніках госці адзначаюць свае ўражанні ў «лісце сімпатыяў». Калі сімпатыя будзе ўзаемная, арганізатары пра гэта паведамяць. Што з гэтымі супадзеннямі рабіць у будучыні, удзельнікі вызначаюць самі.

«Як высвятляецца, ёсць шмат цікавых хлапцоў. Бо ў мяне шмат знаёмых дзяўчат, а хлапцоў неяк мала. І канешне я вельмі ўдзячна за такую магчымасць, за гэтую ідэю. Бо… Не ведаю, складзецца штосьці ці не складзецца, я вельмі на гэта спадзяюся», – зазначае Яніна Асіпцова, што ўзяла ўдзел у спатканнях.

Фармат «speed dating» прыдумаў у 1998 годзе рабін Яакаў Дэё з Лос-Анджэлесу, каб дапамагчы ахвотным узяць шлюб, знайсці адно аднаго. Першая вечарына прайшла ў «Бэвэрлі Гілз». Вельмі хутка міні-сустрэчы распаўсюдзіліся па ўсім свеце. У Лондане імпрэзы праходзяць з аншлагам, у ЗША – ператварыліся ў модны трэнд, на іх любяць прысутнічаць знакамітасці.

Арганізатары абяцаюць, што падобныя спатканні будуць праводзіцца і надалей.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Стужка навінаў