Хто горш: Гітлер ці Сталін?


Дзве таталітарныя сістэмы, якія забралі жыцці мільёнаў людзей. Еўропа ўшаноўвае памяць ахвяраў сталінізму і нацызму. Дата абраная невыпадкова: 23 жніўня 1939-га года Нямеччына і СССР падпісалі пакт аб ненападзенні, які падзяліў Еўропу на сферы ўплыву. Праз амаль 80 гадоў пасля гэтай даты, няма сумневаў, што злачынствы супраць чалавецтва не маюць тэрміну даўніны.

Нараджалі ў таварных вагонах, на этапах у лагер, у зонах. Сталінская рэпрэсіўная сістэма не пашкадавала ні маці, ні дзяцей. Маці Зінаіды Тарасевіч разам з сямʼёй саслалі ў Архангельскую вобласць у 1930-м годзе, дзе яна працавала на лесараспрацоўках.

«Мая маці ўжо да 36-га года заставалася з сямʼі 11 чалавек адна. Таму яна вырашыла мяне нарадзіць, таму што, яна казала, калі я загіну, ніхто ж не будзе ведаць, дзе загінула нашая сямʼя, якая так хацела жыць», – узгадвае Зінаіда.

Толькі напрыканцы вайны маленькая Зінаіда разам з маці здолелі вярнуцца на Радзіму, дзякуючы высілкам бацькі-франтавіка.

Так пашчасціла нямногім

Сотні тысячаў загінулі ў высылцы ці былі расстраляныя. Памяць людзей, якія зазналі агрэсію таталітарных СССР і Нямеччыны, Еўропа афіцыйна ўшаноўвае 23-га жніўня, восьмы год запар.

«Трагедыя ў першую чаргу ў тым, што два рэжымы вырашылі лёсы не толькі сваіх народаў, але яны вырашылі лёсы і Еўропы і нават вырашалі лёсы ўсяго свету«, – тлумачыць гісторык Ігар Кузняцоў.

78 гадоў таму Нямеччына і СССР падпісалі пакт аб ненападзе

А да пакту яшчэ і сакрэтны пратакол, які падзяліў паміж сабою Усходнюю Еўропу. Усяго праз тыдзень Гітлер напаў на Польшчу, а савецкія войскі прасунуліся на Захад. Пачалася адна з самых трагічных старонак у гісторыі чалавецтва.

Лагеры смерці Аўшвіц, Майданэк, Трэблінка… Жахі нацызму скаланулі ўвесь свет. На тэрыторыі БССР паводле афіцыйных дадзеных, з 41-га да 44-га году гітлераўцы забілі больш за 2 мільёны чалавек. Дакладную лічбу ахвяраў сталінскага тэрору, які працягнуўся і ў мірны час даведацца немагчыма, кажа гісторык Ігар Кузняцоў. Паводле дадзеных яшчэ 93-га года агульная лічба рэпрэсаваных у Беларусі складае каля 600 тысячаў чалавек, але, паводле навукоўца, яе можна павялічыць прынамсі ўдвая.

На афіцыйным узроўні сталінскія рэпрэсіі замоўчваюцца

Урочышча Курапаты пад Менскам, дзе пахаваныя сотні тысячаў расстраляных нквдыстамі, застаецца амаль без увагі чыноўнікаў. Між тым, семʼі, пакалечаныя трагедыяй, жадаюць зусім нямнога.

«Трэба расказаць народу ўсю праўду, гэта першая неабходнасць. Мая маці так хацела, каб зналі, дзе загінула сямʼя яе», – кажа Зінаіда Тарасевіч.

Але разбірацца ў цёмных старонках мінуўшчыны і іх пераасэнсоўваць улады Беларусі ўсцяж не гатовыя. Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Беларусі 29-га кастрычніка ўшаноўваюць толькі на неафіцыйным узроўні. Не адзначаная на календары і дата 23-га жніўня.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Стужка навінаў