Гульні ў «вайнушку» з удзелам Хадкевіча ды кот Базыль, які «увайшоў у гісторыю»


Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў распавядаюць цікавінкі пра свой бэстсэлер «Айчына».

Цягам апошняга тыдня ўсе жарсці на кніжна-культурным фронце кіпяць вакол новай кнігі Уладзіміра Арлова з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава, прысвечанай гісторыі Беларусі ад Рагнеды да Касцюшкі.

«Я імкнуўся, каб гэта быў максімальна даступны тэкст, як для дзяцей і падлеткаў, так і для іхных бацькоў альбо дзядоў», – кажа пра кнігу аўтар.

Наступны крок – падрыхтоўка другой часткі, якая мае ахопліваць апошнія 200 год нашай гісторыі: ад Напалеона да набыцця незалежнасці ў 1991-м.

У шыкоўным выданні змешчаны 31 гістарычны аповед, 200 ілюстрацыяў, 42 панарамы, 65 партрэтаў гістарычных асобаў… Зрэшты, гэта толькі сухія лічбы. Стваральнікі кнігі падзяліліся з чытачамі Белсату цікавымі момантамі ды некаторымі сакрэтамі ўнікальнага выдання.

Уладзімір Арлоў

– Кніга стала бэстсэлерам і дзякуючы тэксту, і дзякуючы афармленню. Хто ўклаўся болей – пісьменнік або мастак?

– Нават не ведаю (пасміхаецца). Цікавы аспект: былі моманты, калі не толькі Павел ішоў за тэкстам, але і я, як пісьменнік, ішоў за ягонымі ілюстрацыямі. Выявы натхнялі мяне часам на цэлыя новыя апавяданні.

– Што можаце сказаць ужо зараз пра рэакцыю чытачоў на «Айчыну»?

– Кніга пачала прадавацца толькі тыдзень таму, але прададзеная ўжо палова 3000-га накладу. Нават зараз да пачатку аўтограф-сесіі яшчэ паў гадзіны, а народу бачыце колькі? Калі падпісвалі ў «Акадэмкнізе», то прасядзелі замест трох гадзін – чатыры з паловай. Павел Татарнікаў, які быў на шматлікіх міжнародных кірмашах, сказаў мне, што ён такіх чэргаў за кнігамі яшчэ не бачыў. Мы не чакалі такога поспеху, хоць было вядома, што на такую літаратуру ў нас голад.

– Кніга шмат у чым будуецца на гістарычных постацях. Ці ёсць сярод іх Вашыя ўлюбёныя?

– Гэта не першая мая кніга, таму я ўжо дастаткова добра знаёмы з рознымі гістарычнымі персанажамі: і знакавымі, і менш прыкметнымі. Па сутнасці, тут кожнае апавяданне магло б перарасці ў аповесць, а можа і раман. Але ў мяне ёсць іншыя праекты, гэта не мая задача. Я бачу, што сярод юных чытачоў кнігі маюць быць будучыя літаратары, якія і зробяць гэтую справу.

– Ці трапляліся цягам падрыхтоўкі тэксту нейкі гістарычныя драбніцы, якія зачапілі?

– Так, напрыклад, калі я пісаў апавяданне пра Яна Караля Хадкевіча, нашага вялікага гетмана, пераможцу шведаў пад Кірхгольмам і туркаў пад Хоцінам, я высветліў наступнае. Ажно да ХІХ ст., хлопцы, якія гуляліся ў «вайнушку» на нашых землях, абіралі лідара са свайго ліку і «прызначалі» яго «гетманам Хадкевічам», уяўляеце? Роўна так жа, як нашы пакаленні гулялі ў «белых» і «чырвоных» ды «казакоў-рзбойнікаў»…

Звярніце ўвагу на бліскучую ілюстрацыю на с. 134-135 з выявай вялікакняскай канцылярыі. Тут мы бачым і канцлера Астафія Валовіча, і падканцлера Льва Сапегу, і вялікага пісара Габрыэля Войну. У канцэлярыі на службе былі розныя пісары, але размова не пра іх. Там жа «працавалі» некалькі дзясяткаў катоў, якія ахоўвалі дакументы ад мышэй і пацукоў. І Павел іх намаляваў!

– Ці думалі Вы пра перавыданне, улічваючы шалёны попыт?

– Калі на кнігу і далей будзе такі попыт, то перавыданне – гэта лагічны крок. Навошта, у іншым разе, ствараць штучны дэфіцыт?

Павел Татарнікаў

– Вашай мэтай было паказаць гісторыю максімальна дакладна або максімальна прыгожа?

– Калі я ўзяўся за працу над «Айчынай», канешне, паўстала пытанне гістарычнасці і дакладнасці альбокампраміснасці. Бо ў розных гісторыкаў могуць быць розныя ўяўленні наконт выгляду гораду, рыштунку або персоны. Мастак тут мае знайсці кампраміс альбо заняць чыйсці бок. У некаторых панарамах я наўмысна дапусціў недакладнасці, з пункту гледжання гісторыка. Я мог рэтраспектыўна змяшчаць побач аб’екты: цэрквы, замкавыя сцены, вежы, якія ніколі не стаялі разам, бо існавалі ў розныя часы. Гэта было зроблена, каб узбагаціць выяву, бо калі рабіць па кожным горадзе паэтапныя замалёўкі краявідаў, то кніга б стала суха-гістарычнай. Але ў іншых момантах выявы зробленыя з вялікай увагай да гістарычных драбніцаў.

– Спадар Арлоў узгадаў малюнак з катамі ў вялікакняскай канцылярыі. Ці былі ў намаляваных жывёлінаў рэальныя прататыпы?

– Прататыпам аднаго з катоў, які выяўлены ў вялікакняскай канцылярыі, быў мой кот Базыль, якога ўжо няма. Але, як бачыце, увайшоў у кнігу побач з гістарычнымі асобамі.

– Што было найцяжэйшым падчас працы над ілюстрацыямі?

– Для мастака найчасцей праблема паўстае ў нястачы іканаграфічнага матэрыялу, каб праўдзіва паказаць таго ці іншага дзеяча. Да рэнесанснага часу мы фактычна не маем выяваў нашых гістарычных асобаў. У лепшым выпадку можна знайсці тэкставыя апісанні ды выкарыстаць падчас працы над партрэтам.

Раскрыю сакрэт: частка герояў кнігі, якія не мелі прыжыццёвых партрэтаў, былі змаляваныя мною з нашых сучаснікаў, сярод якіх ёсць і вельмі вядомыя асобы. Хто? Не скажу.

– Ці ёсць ужо напрацоўкі па другой частцы кнігі?

– Так, праца ідзе. Маляваць я буду не адзін, а разам з Андрэем Ярашэвічам. Гэта мой сябар і калега – выдатны малады беларускі графік. І выдавец, і фундатар ужо пагадзіліся на гэтую кандыдатуру. Спадзяюся, усё атрымаецца.

АК belsat.eu

Стужка навінаў