Гендырэктар «Белавіі»: Украіна заплаціць за вяртанне самалёта ў Кіеў, але гэта невялікая сума


Украінскі бок пагадзіўся кампенсаваць авіякампаніі «Белавія» выдаткі па вяртанні самалёта ў кіеўскі аэрапорт «Жуляны».

Пра гэта 2 лістапада паведаміў гендырэктар беларускай авіякампаніі Анатоль Гусараў. Ён дадаў, што пытанне вырашаць у бліжэйшы час.

«Мы пачалі лічыць суму, цяпер ідзе працэс перамоваў: нейкія выдаткі яны бяруць на сябе, гэта значыць не выстаўляюць нам рахунак. Калі гэта будзе канчаткова вызначана, будзе сфармаваны кошт шкоды. Але магу сказаць, што гэта невялікая сума» – сказаў журналістам Гусараў.

На думку дырэктара дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Уладзіміра Косціна, беларускі экіпаж дзейнічаў правільна.

«Экіпаж у дадзенай сітуацыі дзейнічаў правільна, таму што па ўсіх міжнародных дакументах ён абавязаны выконваць каманды дыспетчара, тым больш паветраны карабель знаходзіўся ў паветранай прасторы Украіны. На сённяшні дзень няма ніякай рэакцыі з боку Украіны», – падкрэсліў дырэктар дэпартамента. На яго думку, украінскі бок павінен прынесці прабачэнні, бо былі парушаныя ўсе міжнародныя канвенцыі.

Беларусь не мае прэтэнзіяў да авіяцыйнага кіраўніцтва Украіны, бо разумее, што дыспетчары выконвалі каманду вышэйшага кіраўніцтва, сказаў Косцін.

«Таму яны і захоўваюць маўчанне. Думаю, нашы пэўныя структуры разбяруцца. У нас ёсць і вайсковыя, і іншыя дзяржструктуры, якія займаюцца гэтым пытаннем», – дадаў ён.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары