Расейская газавая кампанія захавае леташнія кошты. Блакітнае паліва для Беларусі будзе каштаваць $ 132 за тысячу кубаметраў.
Пра гэта піша ria.ru са спасылкай на топ-менеджара «Газпраму».
Нафтагазавы канфлікт цягнуўся больш за год і скончыўся ў красавіку 2017-га пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве. У трэцім квартале 2016 года праз запазычанасць расейскі бок скараціў пастаўкі нафты з 5,3 млн тон да 3,5 млн.
У красавіку на сустрэчы бакі заявілі, што ўрэгулявалі ўсе спрэчныя пытанні ў нафтагазавай сферы.
Менск з пачатку 2016-га спрабаваў дабіцца зніжэння цаны на расейскі газ з $ 132 да $ 73 за 1 тысячу кубаметраў. Паводле расейскага боку, сума недаплаты за пастаўлены ў Беларусь газ склала $ 726,2 млн. Беларусь цалкам заплаціла запазычанасць.
Віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч гаварыў, што «Газпром» прадставіць беларускаму боку скідкі з паніжальным каэфіцыентам да формулы разліку кошту за перыяд з 2018 па 2019 год.
ДР belsat.eu