Фрылансерку Аліну Скрэбунову аштрафавалі на 460 рублёў за працу без акрэдытацыі

video

Адміністрацыйную справу супраць журналісткі-фрылансеркі Аліны Скрэбуновай пачалі разглядаць 5 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва і 7 верасня вынеслі прысуд – пакараць 20 базавымі велічынямі.

Дзяўчыну абвінавачвалі ў тым, што яна «брала ўдзел у стварэнні матэрыялу СМІ» ч. 2 арт. 22.9 АК (праца без акрэдытацыі).

Працяг суда назначылі на 14:30 на 7-га верасня. Адна сведка адмовілася ад тлумачэнняў – заявіла, што не памятае, Скрэбунова ці не брала ў яе інтэрвью. Другая сведка не прыйшла.
Паводле журналісткі, адна са сведак на другім паседжанні распавяла, якім чынам у яе і яшчэ адной жанчыны бралі тлумачэнні.
«Іх пазвалі ў РАУС пад выдуманай падставай, нібыта на іх сабак скардзяцца з жылога сектара (хаця побач няма жылых дамо). Што ім не патлумачылі іх правы і абавязкі перад допытам. Што міліцыя апытвала сведак разам (а гэта парушэнне, трэба асобна). Што ўчастковы інспектар падчас апазнання паказаў ім толькі мой фотаздымак, чым парушыў парадак апазнання, згодна якому трэба паказваць не менш за 3 фотаздымкі розных людзей», – распавяла Аліна Скрэбунова.

Скрэбунова заявіла на судзе, што доказаў ці мае яна працоўныя адносіны з Белсатам міліцыя не знайшла. Нягледзячы на гэта, яе асудзілі.

«Участковы прызнаў, што не ведае, як ствараюцца матэрыялы СМІ. На судзе ледзьве не гучала, што калі ты зняў, то ты і зрабіў адразу гатовы рэпартаж. Хаця гэта не так», – сказала дзяўчына.

Журналістка будзе абскарджваць прысуд.

Справа вядзецца пра матэрыял, які выйшаў у эфір 15 ліпеня пра суботнік у магілёўскім таварыстве аховы жывёлінаў.

Да зместу ў міліцыі і сведкаў няма прэтэнзіяў. Падставай для справы стала тое, што матэрыял, які зняла журналістка, зʼявіўся на старонцы «Белсату». І фрылансерка нібыта не мела права рабіць яго для тэлеканалу без акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ. Менавіта гэтага сюжэту яна і не рабіла – ён апублікаваны на сайце за аўтарствам іншага журналіста.

Праваабаронца Барыс Бухель сцвярджае, што паводле гэтага артыкулу фізічных асобаў судзіць не могуць, бо гэта парушэнне закона, бо адказнасць паводле артыкулу могуць несці толькі юрыдычныя асобы-рэдакцыі СМІ. Да таго, няма артыкулу за ўдзел у стварэнні матэрыялу СМІ, як пазначылі Скрэбуновай. Ёсць толькі стварэнне. Праваабаронцы адзначаюць, гэтыя справы парушаюць правы грамадзянаў на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі, гарантаваныя 34 артыкулам Канстытуцыі і міжнароднымі пагадненнямі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары