Экс-палітвязню, які перашкаджаў затрыманням на «Маршы недармаедаў», пагражае 6 гадоў зняволення

ВІДЭА

Супраць 31-гадовага экс-палітвязня Святаслава Барановіча, які 15 сакавіка 2017 года перашкаджаў брутальным затрыманням дэманстрантаў пасля дазволенага ўладамі «Маршу нетунеядцаў» у Менску, распачатая крымінальная справа паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

15 сакавіка пасля завяршэння акцыі «Марш недармаедаў» міліцыянты ў цывільным спрабавалі брутальна затрымаць групу анархістаў на прыпынку «плошча Бангалор», аднак за іх заступіліся мінакі. У выніку анархісты з’ехалі на тралейбусе – праўда, з другой спробы, ужо на прыпынку «Белая Вежа», іх усё ж затрымалі.

Відэа сутычкі на прыпынку актыўна распаўсюджвалася ў інтэрнэце, хаця некаторыя памылкова палічылі, што канфлікт адбыўся паміж супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Як паведамляе «Еўрарадыё», хлопца ў чырвонай куртцы, які актыўна перашкаджаў міліцыянтам у цывільным, праваахоўнікі вылічылі і распачалі супраць яго крымінальную справу – паводле артыкула 339 (хуліганства). Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на арт. 364 (да 6 гадоў зняволення).

«Падчас расследавання абставін здарэння было выяўлена, што абвінавачаны, жыхар Менска, ужыў гвалт у дачыненні да мужчыны на прыпынку грамадскага транспарту, ведаючы пра тое, што той зʼяўляецца супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Гэта было пэўна ўстаноўлена падчас расследавання справы. Яна была перакваліфікаваная на артыкул 364. Расследаваная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд», – паведаміў «Еўрарадыё» афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

Імя затрыманага менчука – Святаслаў Барановіч. Ён нарадзіўся ў 1986 годзе ў Вілейскім раёне Менскай вобласці, працаваў будаўнікоў. Барановіч удзельнічаў у Плошчы-2010 і трапіў пад крымінальны пераслед у межах справы «аб масавых беспарадках». 12 кастрычніка 2011 года суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў Барановіча да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Праваабаронцы тады прызналі Барановіча палітвязнем.

Святаслаў Барановіч. Фота – svaboda.org

Са стаўленнем да новага крымінальнага пераследу Святаслава Барановіча праваабарончыя арганізацыі яшчэ не вызначыліся. Як паведаміла belsat.eu Наста Лойка, праваабаронцы самі толькі ўчора даведаліся пра гэтую крымінальную справу, таму ніяк сітуацыю не каментуюць.

«Мы самі толькі ўчора даведаліся. У панядзелак будзе нейкая рэакцыя ад нас, пакуль нічога сказаць не магу, на жаль», – патлумачыла яна.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары