Для зацягвання паясоў беларусам зробяць новую дзірку ў рамяні


Выйсці на канкрэтнае абмеркаванне праграмы з Міжнародным валютным фондам. Гэткае заданне ставіць афіцыйны Менск па выніках візіту місіі фонду ў Беларусь, які стартаваў сёння. Паводле міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага, бальшыню перадумоваў для праграмы, пад якую ўлады хочуць атрымаць крэдыт на $ 3 млрд, яны ўжо выконваюць. Таму за малым справа. Наколькі неабходны новы крэдыт МВФ Беларусі і што перашкаджае яго атрыманню?

МВФ жадае, каб паэтапны пераход на поўную кампенсацыю тарыфаў ЖКГ насельніцтвам адбываўся хутчэй, таму да канца года камунальныя паслугі могуць крыху падаражэць. Гэта – адная з асноўных супярэчнасцяў, што заставаліся паміж МВФ і афіцыйным Менскам, заявіў сёння міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

Штопраўда, гэты ж самы ўрадовец яшчэ летась заяўляў, што згода з міжнародным крэдыторам дасягнутая паводле ўсіх значных пунктах, але потым перамовы чарговы раз нечакана праваліліся.

«На першы погляд, нібыта, на ўсіх узроўнях эканамічнай улады ўсе разумеюць неабходнасць рэформаў і ўсе іх падтрымліваюць. Але, рэгулярна, у самы нязручны момант выступае кіраўнік дзяржавы з заявай, што ніякія рэформы нам не патрэбныя», – звяртае ўвагу Вадзім Іосуб, старэйшы аналітыкі «Alpari».

Паводле самога Лукашэнкі, ягоны супраціў выклікаюць тыя патрабаванні МВФ, што скіраваныя на зніжэнне дабрабыту насельніцтва. Ён кажа, што разумее неабходнасць гэтых крокаў, але адстойвае для Беларусі права рабіць гэта паэтапна, а не адным махам.

«Я нідзе ім не сказаў «не». Ні па тарыфах, ні па ўзросце, ні па заробках. Але з бухты барахты рабіць нельга», – упэўнены кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

З моманту гэтага выказвання ўлады панізілі заробкі, а тарыфы ЖКГ ды пенсійны ўзрост павысілі без усялякай праграмы з МВФ, а праз нястачу бюджэтных сродкаў. Між тым, праграмы дасюль няма. Кіраўнік місіі фонду ў Беларусі Пітэр Долмэн напярэдадні патлумачыў, што недастатковымі яны лічаць акурат тыя захады ўраду, што, наадварот, маюць прывесці да павелічэння дабрабыту насельніцтва.

«Мы заклікаем правесці глыбокія рэформы для стабілізацыі эканомікі ды забеспячэння эканамічнага росту і росту дабрабыту ў сярэднетэрміновай перспектыве», – тлумачыць Пітэр Долмэн, кіраўнік місіі МВФ для Беларусі.

На думку старэйшага аналітыка «Альпары», непрыняцце кіраўніка краіны, перадусім, выклікаюць тыя патрабаванні фонду, што датычаць рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, прыватызацыі ды іншых захадаў у адыходзе дзяржавы ад ручнога кіравання эканомікаю.

Крэдыт МВФ неабходны ўладам для выплатаў замежных пазыкаў, якія, толькі ў дзяржаўным сектары, складаюць каля $ 3 млрд за год. Траціну з гэтай сумы плануецца выплаціць з прыбыткаў ад экспартавых нафтавых мытаў. Яшчэ траціну – за кошт сёлетніх траншаў з двухмільярдавага крэдыту, атрыманага ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Яшчэ траціну – за кошт крэдыту МВФ. У выпадку яго неатрымання, золатавалютныя рэзервы нашае краіны сёлета могуць скараціцца на чвэрць.

Некаторыя палітычныя аглядальнікі выказваюць меркаванне, бы Лукашэнка спадзяецца, што складаная геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне змусіць краіны Захаду паўплываць на МВФ гэтак, каб ён выдаў крэдыт з палітычных прычынаў – не пад рэформы, а на праяданне. Ці апраўдаюцца такія надзеі гэтым разам – магчыма, стане ясна 30 чэрвеня, калі дзейная місія МВФ скончыць сваю працу ў Беларусі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары