Цырк для дзяцей вайны


Усё лета Берлін прымае дзяцей уцекачоў з ваенных рэгіёнаў Украіны. На гэтых вакацыях у Нямеччыне ў маленькіх гасцей ёсць магчымасць трошку абстрагавацца ад праблемаў. Іх паклікала тое, ад чаго трапеча кожнае дзіцячае сэрца, – цырк.

Ідэя належыць маладой недзяржаўнай арганізацыі «Partners Osteuropa», якая ставіць сабе на мэту падтрымаць супрацу паміж грамадзянскаю супольнасцю Украіны і Нямеччыны. Разам з берлінскім цыркам «Кабувацы» яны зарганізавалі летнік, у якім за гэтыя вакацыі пабывае каля 120 дзяцей.

ОЛІВЭР ШРУОФЭНЭГЕР, НДА «PARTNERS-OSTEUROPA»:

«На гэты летнік нам удалося агулам сабраць ад спонсараў каля 25 тысяч еўраў. Гэта паказвае, што ў Нямеччыне людзі цікавяцца Украінаю і спачуваюць таму, што там адбываецца».

Трэнеры вучаць малых пантаміме, клаўнадзе, жангляванню, гімнастыцы і, галоўнае, упэўненасці ў сабе.

ЛЕНА, ТРЭНЕРКА ЦЫРКУ «КАБУВАЦЫ»:

«Першыя два дні мы даем магчымасць паспрабаваць кожную дысцыпліну, а потым дзеці могуць вырашыць, што ім больш за ўсё спадабалася і чым яны хочуць заняцца. У мяне ў групе ў асноўным дзяўчаткі, але ёсць адзін хлопчык на канаце і адзін на трапецыі!»

Побытавыя ўмовы ў летніку нельга параўнаць з дарагім гатэлем, дзеці жывуць у намётах і дапамагаюць гатаваць сабе ежу. Але ўражанні ад прыёму ў малых пазітыўныя.

КІРА І ВІКА, УЦЯКЛІ АД ВАЙНЫ Ў ХАРКАЎ:

«Нам дораць падарункі, цукеркі, адзенне. Вось падарылі заплечнікі ды бутэлькі для вады. Гэтую футболку і гэтую кофтачку мне таксама падарылі. Нам сказалі, што тут з крана вельмі чыстая вада ідзе, таму можна з-пад крана набіраць. Можна па скайпе і па вайбэры званіць бацькам, нам дазваляюць».

Арганізатары летніку хацелі б, каб з гэтых вакацыяў развілася доўгая супраца. На наступны год, напрыклад, плануецца зваротная паездка нямецкіх цыркачоў у Харкаў.

Каля 500 тысяч украінскіх уцекачоў жыве сёння ў Харкаве, туды ж вернуцца і госці берлінскага цырку «Кабувацы». Украінскія і нямецкія валанцёры спадзяюцца, што яркія ўражанні з вакацыяў дапамогуць дзецям перажыць траўму, якую нанесла вайна.

Жанна Кромер, Берлін, belsat.eu

Стужка навінаў