Будуць блок-пасты ў гарадах? У Беларусі стартавалі новыя вайсковыя вучэнні


У Беларусі з 6 па 12 верасня 2018 гадоў пройдуць маштабныя камандна-штабныя вучэнні Узброеных сіл. Belsat.eu сабраў усю інфармацыю пра новыя манеўры вядомую на гэты час.

У вучэннях прымуць удзел да 7.500 вайскоўцаў, 260 адзінак бранятанкавай тэхнікі і каля 30 самалётаў і верталётаў. Такім чынам гаворка ідзе пра адныя з самых маштабных манеўраў з удзелам беларускай арміі за апошнія гады. Для параўнання, нават у сумесных з Расеяй вучэннях «Захад-2017» удзельнічалі трохі менш беларускіх вайскоўцаў – прыкладна 7 тыс.

Тэма вучэнняў – адбіванне агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь. Паводле легенды, беларускія вайскоўцы будуць змагацца з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсантамі, а таксама абараняць дзяржаўную мяжу. Такім чынам сюжэт нагадвае вучэнні мінулых гадоў. Са словаў першага намесніка міністра абароны Алега Белаконева вынікае, што новыя манеўры з’яўляюцца лагічным працягам ранейшай працы. Адрозненне ад «Захаду-2017» у тым, што калі летась вайскоўцы адпрацоўвалі абарону Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, то цяпер – выключна абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь.

Вучэнні адбудуцца на 6 палігонах, а таксама ўчастках мясцовасці ў Берасцейскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай вобласцях.

Хутчэй за ўсё, вучэнні адбудуцца і ў некаторых гарадах, аднак назвы населеных пунктах не агучваюцца. Як заявіў намеснік начальніка Генштаба Андрэй Пасека, падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны адпрацуюць – «абарону буйнага адміністратыўна-прамысловага цэнтру». З досведу мінулых гадоў вядома, што ўдзел байцоў тэрытарыяльнай абароны ў абароне гарадоў суправаджаецца камендантскай гадзінай, узброенымі вайсковымі патрулямі і размяшчэннем блокпастоў у населеным пункце. Менавіта так выглядалі вучэнні ў Глыбокім падчас «Захаду-2017», а таксама вучэнні ў Бераставіцы ў 2016 годзе. Аднак упершыню гаворка ідзе аб абароне буйнога населенага пункту падчас манеўраў.

Алег Белаконеў заявіў, што падчас цяперашніх манеўраў будзе праверана падрыхтаванасць арміі «з улікам тых задачаў, якія паставіў кіраўнік дзяржавы падчас раптоўнай праверкі баяздольнасці Ўзброеных сілаў». У чым асаблівасць гэтых задачаў і якія яны – генерал не ўдакладніў. Нагадаем, у сакавіку-красавіку 2018 года ў Беларусі паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі адбылася маштабная праверка Ўзброеных сілаў. Праверка ўключала ў сябе правядзенне вучэнняў з баявой стральбою, начныя маршы, фармаванне асобнай механізаванай брыгады ды іншыя мерапрыемствы. З запасу прызываліся да 2 тыс. ваеннаабавязаных, у тым ліку жанчыны.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў