Беларусы свету просяць Касцёл кананізаваць Скарыну


Задзіночанне беларусаў свету «Бацькаўшчына» абвесціла збор подпісаў дзеля беатыфікацыі Францыска Скарыны.

Актывісты прапаноўваюць дасылаць лісты з подпісамі пробашчу менскага касцёла СвятыхСымона і Алены ксяндзу-каноніку Уладзіславу Завальнюку.

«Акрамя рэлігійнага значэння, наяўнасць сваіх святых аб’ядноўвае нацыю, дае адчуванне прыналежнасці да адной супольнасці. І наша гісторыя мае досыць фігур, якія ў свой час аказалі моцны ўплыў на духоўнае развіццё беларускага народа, годных і пасля сваёй смерці служыць яднанню беларусаў. Такой постаццю, да прыкладу, з’яўляецца Еўфрасіння Полацкая, святая для ўсіх безадносна прыналежнасці да пэўнай рэлігійнай канфесіі. А што адносна Францыска Скарыны? Хіба ён не варты таго, каб быць у ліку святых?» – пытаюцца арганізатары.

Ініцыятыўная група па кананізацыі Францыска Скарыны паўстала паводле ініцыятывы прафесара Адама Мальдзіса яшчэ ў 2015-м. Мальдзіс сцвярджае, што Скарына як святы мае належаць і праваслаўным, і каталікам, і ўніятам.

«Патрэбнае падтрыманне шырокага кола грамадскасці ў пацверджанні таго, што справа па беатыфікацыі Францыска Скарыны патрэбная не толькі рэлігійнай супольнасці, але і ўсяму беларускаму народу», – упэўненыя актывісты.

Летась нашая краіна адзначыла 500-годдзе выдання першай друкаванай Бібліі на беларускай мове, якое падрыхтаваў Францыск Скарына. Да сёння навукоўцы не ўпэўненыя што да канфесійнай прыналежнасці першадрукара. Існуе меркаванне, што ён мог быць пратэстантам.

ДД

Стужка навінаў