Беларускія цыгарэты «Фэст» – самая папулярная тытунёвая кантрабанда ў Санкт-Пецярбургу


Кожная шостая гандлёвая кропка ў Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе Расеі гандлюе нелегальнымі цыгарэтамі. Паводле «INFOLine-Аналитика», доля нелегальнай тытунёвай прадукцыі ў рознічным гандлі Расеі складае 13,4 %.

Кантрабанднымі цыгарэтамі гандлююць не менш за 45 000 кропак па ўсёй краіне.

У Паўночна-Заходняй акрузе гэты паказнік дасягнуў 15,8 %, падлічылі эксперты. Размах нелегальнага гандлю цыгарэтамі тут абумоўлены геаграфічнай блізасцю да Беларусі, гаворыцца ў справаздачы.

«У Беларусі дзве дзяржаўныя фабрыкі і ніякіх перашкодаў для вывазу гэтай прадукцыі ў Расею не існуе. Паколькі кантролю ў рамках Мытнага саюзу на мяжы няма: машыны не надглядаюць, дакументы не правяраюць і прадукцыя свабодна перамяшчаецца ў любым абʼёме», – распавёў rbc.ru галоўны рэдактар галіновага парталу «Русский табак» Максім Каралёў.

У справаздачы «INFOLine-Аналитика» таксама адзначаецца, што ў Пецярбургу асаблівай папулярнасцю карыстаюцца гарадзенскія цыгарэты «Фэст».

Фота: obzor.lt

ЮВ, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў