Як беларускія цыгарэты трапляюць у Еўропу


Цыгарэты беларускай вытворчасці зноўку ўсплылі ў крымінальных зводках суседніх дзяржаваў. Як паведаміла сёння Памежная служба Літвы, на берагах Нёману ля мяжы з Расеяй памежнікі са службовым сабакам знайшлі 7 скрыняў кантрабанды. Агулам 3 з паловай тысячы цыгарэтаў «Фэст» з беларускімі акцызамі. З засады памежнікі затрымалі грамадзяніна Літвы.

У мінулую пятніцу польскія памежнікі гораду Сейны, што ля беларускай і літоўскай межаў, затрымалі значна большы груз – 14 з паловай тысячаў пачакаў кантрабандных цыгарэт былі ў адмысловым сховішчы ў аўтамабілі. Затрыманы грамадзянін Польшчы.

Ездзіць цяпер можна часцей, таму кантрабанды будзе больш

На пачатку верасня буйную партыю беларускіх цыгарэтаў затрымлівалі і ў лясах Латвіі.

Агулам еўрапейскім мытнікам і памежнікам варта рыхтавацца да росту кантрабанды з Беларусі. Пра гэта «Белсат» даведаўся непасрэдна ад кантрабандыстаў.

«Шматлікія былыя кантрабандысты зноўку пачалі купляць Пасаты Б-3, якія раптоўна падаражэлі на $500, і зноўку іх рыхтуюць, каб вывозіць кантрабанднае паліва і цыгарэты на тэрыторыю Польшчы», – распавядае гарадзенскі кантрабандыст.

Прычынай актывацыі кантрабандыстаў стала адмена абмежавання на вываз паліва. З 1-га верасня ўрад нашае краіны адмяніў адмысловую мыту за выезд з Беларусі на той жа самай машыне часцей, чым раз на 8 дзён. Таму на межах зноўку стане больш і так званых «саляравозаў», загружаных беларускімі цыгарэтамі.

«У Літву таксама вялікая плынь, і ўсё гэта ідзе з тэрыторыі Астравеччыны, Ашмяншчыны і Смаргоншчыны, дзе вельмі актыўна дзейнічаюць прымежныя кантрабандысты, якія хіба не штодня стараюцца паехаць у Літву прадаць тыя цыгарэты», – тлумачыць суразмоўца.

Карупцыйны ланцужок міжнароднай кантрабанды

Корабы з цыгарэтамі беларускія кантрабандысты сплаўляюць па рацэ Віліі, перакідваюць блокі праз мяжу ў лесе, супрацоўнічаюць з літоўскімі калегамі па крыміналу. У Літве прапаноўваюць не толькі ўзмацніць ахову памежнай тэрыторыі, але і націснуць на гарадзенскую тытунёвую фабрыку «Нёман». У Вільні абвінавачваюць вытворцу ў продажы цыгарэтаў усім без разбору.

«Трэба дзеяць на ўзроўні ўсяго Еўразвязу. Гэта можа быць палітычны ціск – як на Беларусь, гэтак і на Калінінградскую вобласць, каб тытунёвыя фабрыкі ажыццяўлялі адказную камерцыйную палітыку», – упэўнены Скірмантас Бікяліс, старшы навуковы працаўнік інстытуту права, Літва.

Публіцыст Віктар Сазонаў, аўтар кнігі пра беларускіх кантрабандыстаў, кажа, што і гарадзенцы з блокамі цыгарэтаў, і тытунёвая фабрыка маюць эканамічныя падставы для сваіх дзеянняў.

«Кожны вытворца зацікаўлены ў тым, каб прадаць сваю прадукцыю. Ці ты гандлюеш цыгарэтамі, ці школьнымі сшыткамі, цябе цікавіць прадаць. І калі знаходзіцца пакупнік, ты сваю прадукцыю прадаеш. Куды далей ідзе гэтая прадукцыя, вытворцу слаба цікавіць», – зазначае Віктар Сазонаў.

Затое Літва губляе ад беларускай цыгарэтнай кантрабанды каля Eur 60 млн. штогод. Прыкладна кожная пятая цыгарэта трапіла на рынак краіны нелегальна. Тут не магло абысціся без удзелу беларускіх і літоўскіх чыноўнікаў, кажа Віктар Сазонаў.

«Зразумела, што ідзе размова не пра кантрабандыста з двума пачкамі цыгарэт у кішэні. Зразумела, ідзе размова пра вялікія колькасці, якія перавозяцца вялікімі фурамі, і якія прапускаюцца, і з якіх нажываецца цэлая куча людзей, якія пакрываюць гэты ценявы бізнес», – мяркуе Віктар Сазонаў.

Гэта ж пацвярджаюць і кантрабандысты.

«Шмат хто дамаўляецца з літоўскімі мытнікамі, асабліва датычыцца тэрыторыі, прымежнай Літвы, зноўку, тая ж Ашмяншчына і Астравеччына. Бо шмат у каго там ёсць сваякі, якія потым пайшлі працаваць на мытню«, – дзеліцца дэталямі кантрабандыст з Гродна.

Дзейнасць кантрабандыстаў мае і эканамічныя, і палітычныя наступствы. Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі выступае супраць увядзення бязвізавага ўезду ў Беларусь грамадзянаў Еўразвязу, які можа набыць моц ужо сёлета, бо гэта можа справакаваць рост кантрабанды.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў