Беларускія левыя прапануюць «ператасаваць» апазіцыю


Цэнтральны камітэт Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» лічыць, што «наспела неабходнасць радыкальнага перафарматавання існых у апазіцыі каардынацыйных структур». Пра гэтым заявіў старшыня арганізацыі Сяргей Калякін, выступаючы 23 траўня ў Менску на XVIII справаздачна-выбарным з’ездзе партыі.

Дзеяч адзначыў, што адной з пляцовак, на якой рабіліся спробы скаардынаваць дзеянні апазіцыйных арганізацыяў, была так званая сямёрка. Акрамя партыі «Справядлівы свет» у гэту структуру ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», рух «За Свабоду» і кампанія «Гавары праўду», падае БелаПАН.

Паводле слоў Калякіна, на гэтай пляцоўцы ў апошнія гады «не былі дасягнутыя сурёзныя дасягненні», у тым ліку безвынікова закончыліся амаль гадавыя кансультацыі па адзінай стратэгіі і тактыцы дзеянняў апазіцыі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Калякін канстатаваў, што агульны стан спраў у шырокай палітычнай апазіцыі сёння горшы, чым чатыры гады таму. «Безумоўна, тут адбіваецца сістэмны ціск уладаў і створанай ёю палітычнай сістэмы. Але справа не толькі ў гэтым. Пасля драматычных падзей снежня 2010 года моцна знізіўся ўзровень даверу ўнутры апазіцыі. Фактычна адсутнічае адзінае бачанне шляхоў руху да дэмакратычнай Беларусі. У выніку пачалі размывацца базавыя асновы, якія даюць магчымасць для супрацы палітычных сіл, якія маюць розную ідэалагічную і светапоглядную арыентацыі», – сказаў палітычны дзеяч.

Калякін лічыць непрымальным становішча, калі ўнутранае і вонкавае прадстаўніцтва ад імя апазіцыі «фактычна прыватызаванае сямю арганізацыямі». «У складзе «сямёркі» колькасна дамінуюць правыя арганізацыі, што не адлюстроўвае рэальнага раскладу сілы на апазіцыйным палітычным полі», – падкрэсліў ён.

МЯ, паводле БелапАН

Глядзі таксама
Каментары