Беларуская зборная атруцілася на Кубку свету па біятлоне


Летась у Паклюцы Дар’я Домрачава атрымала золата ў гонцы пераследу.

На трэцім этапе Кубку свету па біятлоне ў славенскай Паклюцы масава атруціліся чатыры зборныя. Праблемы са страўнікам зʼявіліся ўва ўсіх дзяўчат з беларускай зборнай.

Ахвярамі не вядомага пакуль вірусу сталі зборныя Аўстрыі, Беларусі, Канады і Украіны. Біятланістка Мэган Тэндзі з Канады страціла прытомнасць пасля другой стральбы, калі падымалася на найвышэйшы падʼём трасы ў Паклюцы. Трэнерскі штаб ніяк не пракаментаваў гэтага здарэння.

Першым пра атручанне заявілі беларускія спартоўкі, якія ледзь не ўсе адчулі сябе блага. Надзею Пісараву ванітавала крывёю, хуткая дапамога адвезла дзяўчыну ў шпіталь у Любляну. Следам за ёй шпіталізавалі Дарʼю Юркевіч.

Пра праблемы сваіх падапечных заявіў таксама ўрач зборнай Аўстрыі Губэрт Буркгард: «У хлопцаў былі праблемы са страўнікам, але мы не меркавалі, што гэта эпідэмія. Нешта здарылася?» – цытуе лекара карэспандэнт спартовага выдання Championat.com

Наступнымі пра атручванне заявілі ўкраінскія спартоўкі.

Магчыма, біятланісткі атруціліся ў рэстарацыі гатэлю, дзе цяпер жывуць.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары