Беларуская кніга ўвайшла ў амерыканскі спіс 100 найлепшых гэтага стагоддзя


«Кнігі Алексіевіч толькі намінальна пра факты: яе хвалююць уражанні і пачуцці, і яны застаюцца ў галаве надоўга пасля таго, як вы перагарнулі апошнюю старонку», – абгрунтаваў выбар кнігі беларускі літаратурны крытык Люк Сантэ

У канон самых важных кніг сучаснасці, які журналісты склалі на падставе водгукаў знаўцаў літаратуры, увайшла «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч.

Некалькі месяцаў таму выданне «Vulture» звярнулася да дзясяткаў літаратурных крытыкаў, рэцэнзентаў, пісьменнікаў і сваіх уласных аўтараў з просьбай назваць 100 найлепшых твораў мастацкай літаратуры, паэзіі, мемуараў і эсэяў XXI стагоддзя – і цяпер падсумавала вынікі.

«Мэтай было не ствараць зафіксаваны кнігазбор, а зрабіць размазанае сэлфі культурніцкага моманту», – піша выданне.

У выніковы спіс увайшла кніга Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

«Беларуска Алексіевіч, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію ў 2015 годзе, нібыта гандлюе вуснай гісторыяй. Яе кнігі, аднак, не маюць вялікага падабенства з формай, як гэта звычайна практыкуецца. Тут аповеды сведкаў і ахвяраў аркеструюцца, зводзяцца ў кантрапункце, і, як фугі і спускі з мэтанакіраванымі эліпсамі і паўтарэннямі, рэдагуюцца, каб кожны голас гучаў паэтычна. Алексіевіч дакладна ведае, у якой ступені яна перарабляе матэрыял, а ейныя кнігі – толькі намінальна пра факты: яе хвалююць уражанні і пачуцці, і яны застаюцца ў галаве надоўга пасля таго, як вы перагарнулі апошнюю старонку», – піша пра яе пісьменнік і крытык Люк Сантэ, аглядальнік «The New York Review of Books».

Святлана Алексіевіч піша ў жанры мастацка-дакументальнай прозы. «Чарнобыльская малітва» – адна з найбольш яе вядомых кнігаў, яна прысвечаная аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

«Чарнобыльскую малітву» выдалі па-ангельску ў 2005-м пад назвай «Галасы з Чарнобыля: Вусная гісторыя ядравай катастрофы»

У 2015-м Алексіевіч стала лаўрэаткай Нобэлеўскай прэміі па літаратуры з фармуліроўкай «за шматгалосную творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў нашыя часы».

ДД

Стужка навінаў