Беларусь і Азербайджан: як рэжымы яднаюць краіны


Знаёмства з Азербайджанам выклікае моцнае пачуццё дэжа-вю. Бляск і раскоша ў цэнтры сталіцы, цытаты прэзідэнта пра квітнеючую дзяржаву… А за ўсім гэтым – бядота, страх і дзясяткі палітвязняў у турмах. Як жыве сёння Краіна агню?

«Мы чужыя на гэтым свяце жыцця»

Азербайджан усё больш нагадвае брата-блізнюка Беларусі. Хоць паміж намі тысячы кіламетраў, і мы рознімся культурай і рэлігіяй. Але некалі мы разам трапілі ў Савецкі Саюз, і былі названыя «адзіным савецкім народам», пад адзіным сцягам і адзінай расейскай мовай.

Палітычныя рэжымы – аўтарытарныя і недэмакратычныя – яднаюць нас і дагэтуль. Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў сябруюць. Лукашэнка прадае Азербайджану зброю, Аліеў падтрымлівае Лукашэнку фінансава ў разе патрэбы.

У беларусаў Азербайджан асацыюецца перш за ўсё з нафтай. А там, дзе нафта і газ, людзі ж пэўна купаюцца ў грашах. Менавіта такое адчуванне і мусіць запэўніць у замежнікаў цэнтр сталіцы Азербайджану Баку – велічныя «Вежы агню», што ўначы свецяцца ўсімі колерамі, гіганцкія паркі і футурыстычныя культурныя цэнтры і аэрапорт імя Гейдара Аліева.

«Гэта проста прыгожая ілюзія. А мы чужыя на гэтым свяце жыцця», – кажа пра бакінскі шык журналіст «Радыё «Свабода»» Чынгіз Султансой.

«Нам не патрэбна ўсё гэта. Разумныя азербайджанцы ненавідзяць і Вежы агню, і іншыя пабудовы Аліевых, бо ведаюць, чаго гэта каштавала звычайным людзям. Гэта ўсё – спосаб адмыць грошы», – дадае журналістка Фарыда Аліева.

І сапраўды, у Баку, пасярод усёй гэтай прыгажосці, прыходзіць тое самае пачуццё, як і ў Беларусі: што навакольная прастора – не для людзей, а для сістэмы. На плошчу Дзяржаўнага сцягу прайсці не атрымалася – яна абнесеная турнікетамі. Гэтак жа і з Вежамі агню. Каля «Крыстал холу», дзе праходзіла Еўрабачанне, каля культурнага цэнтру Гейдара Аліева – амаль няма людзей, толькі ахоўнікі ходзяць туды-сюды з рукамі за спіной.

«Пражыць на пенсію ў 105 еўра немагчыма»

Тое, што сапраўдны Азербайджан далёкі ад «свята жыцця» з фотаздымкаў і прома ролікаў, заўважаеш яшчэ на мяжы. На пераходзе «Чырвоны мост» на мяжы Азербайджана з Грузіяй, на азербайджанскім баку ад самай раніцы чакаюць дзясяткі нелегальных таксістаў. Каб давезці аднаго-двух чалавек да бліжэйшых гарадоў, ці да самага Баку, і падзарабіць. Сярод таксістаў шмат пенсіянераў. Дадатковы заробак неабходны, бо пражыць на пенсію ў 105 манатаў, што прыкладна роўнае 105 еўра, немагчыма.

«Як людзі тут жывуць? Бедна жывуць, – кажа Сэвар, які прапануе падвезці да Баку за 15 манатаў. – Працы няма. Нават у Баку працу цяжка знайсці, а ў рэгіёнах дык і зусім няма дзе працаваць. Зарабляе тут толькі прэзідэнцкая сям’я».

Дык якія ж тут заробкі? Глядзім вакансіі ў мясцовай газеце. Патрабуюцца афіцыянты, нянечкі ў дзіцячы садок, адміністратары ў гатэль. Заробкі – 200-400 манатаў.

А ў невялікіх гарадах на шляху да Баку – Газаху ды Гянджы паабапал шыкоўных палацаў ды паркаў з магутнымі аркамі імя Гейдара Аліева, стаяць дамы, дзе жывуць звычайныя людзі. Дамы брудныя і недагледжаныя, дзе-нідзе падобныя да трушчобаў.

Бакінская журналістка: «Дзяржава называе нас шпіёнамі і здраднікамі»

У Азербайджане, як і ў Беларусі, пераследуюць за свабоду слова. За апошні год у краіне зачынілі амаль усе замежныя фонды і няўрадавыя арганізацыі. Каля 100 чалавек – праваабаронцаў, актывістаў і журналістаў, сядзяць у турмах.

8 жніўня сёлета паліцыя і спецслужбы з ператрусам уварваліся ў офіс незалежнага анлайн-тэлеканалу «Аб’ектыў-ТВ», пасля чаго тэлеканал амаль спыніў сваё існаванне.

Як гэта адбывалася, распавяла журналістка Фарыда Аліеева, што два гады як валанцёр працавала на гэтым тэлеканале:

««Аб’ектыў-ТВ» быў бадай што адзіным незалежным тэлеканалам у Азербайджане. Мы паказвалі сапраўдны Азербайджан – мітынгі, арышты, суды над актывістамі. Дзяржаўнае тэлебачанне гэтага не паказвае. Мы вельмі не падабаліся ўладам. 8 жніўня паліцыя і спецслужбы з раніцы акружылі наш офіс. Яны абшукалі ўсё, нават нашыя сумкі, узялі ўсю нашую апаратуру, кампутары, нават камеры відэаназірання звонку забралі».

Тэлеканал быў праектам няўрадавай арганізацыі Institute for reportersfreedom and safety (Інстытут свабоды і бяспекі рэпарцёраў). Дырэктар IRFS, заснавальнік «Аб’ектыў-ТВ» Эмін Хусэйнаў, цяпер знік. Былых працаўнікоў IRFS і «Аб’ектыў-ТВ» выклікаюць на допыты, некаторым забаронены выезд за мяжу. Абвінавачваюць IRFS і іншыя няўрадавыя арганізацыі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і ўхіленні ад выплаты падаткаў.

«Гэта смешна – пра нас кажуць, нібы мы працуем супраць дзяржавы. У дзяржаўных СМІ нас называюць шпіёнамі, здраднікамі, наркаманамі, і робяць усё, каб людзі ў гэта паверылі», – кажа Фарыда Аліева.

«Людзям важна, каб была праца і што з’есці»

Фарыда Аліева лічыць, што ў Беларусі сітуацыя лепшая, чым у Азербайджане: «У нас нашмат больш палітвязняў. Для нашай улады арыштаваць чалавека – як піць даць. Мы ўжо блізка да Паўночнай Карэі. Прэзідэнт імкнецца зачыніць краіну. У Беларусі так нахабна не кідаюць людзей за краты. У нас падкідаюць наркотыкі ці зброю і за гэта садзяць».

Грамадства, паводле Фарыды, амаль не рэагуе на тое, што адбываецца. Большасць верыць дзяржаўнаму тэлебачанню. Людзі баяцца выказвацца.

«На жаль, азербайджанцам не патрэбная дэмакратыя. Яны не разумеюць значэння гэтага слова. Ім важна, каб быў хлеб, каб было што з’есці. Я думаю, што калі гэтага хлеба ў іх не будзе, тады яны выйдуць на вуліцы і ўзгадаюць пра свае правы і дэмакратыю», – кажа Фарыда.

У Азербайджане, як і ў Беларусі, пражывае каля 9,5 млн чалавек. Ад 2003 году краінай кіруе Ільхам Аліеў, сын папярэдняга прэзідэнта Гейдара Аліева.

Апошнім часам у краіне значна ўзмацніўся ціск на няўрадавыя арганізацыі і незалежных журналістаў. На сённяшні дзень за кратамі знаходзяцца 98 палітвязняў, з іх – 9 журналістаў. Іх абвінавачваюць у хуліганстве, захоўванні зброі ці наркотыкаў, ухіленні ад падаткаў.

Некаторыя СМІ былі зачыненыя, як газета «Зеркало», анлайн-тэлеканал «Аб’ектыў-ТВ», прыпыніла выпуск газета «Азадлыг» («Свабода»). У той жа час Азербайджан старшынствуе ў Камітэце Міністраў у Савеце Еўропы.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў