З расейскіх лёгкаатлетаў толькі адна спартоўка зможа выступіць на Алімпіядзе


Пытанне допуску расейскіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў вырашаць спартовыя федэрацыі ў асобных відах спорту. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), якія мусіў вынесці пастанову, перадаў ім гэтае права.

Сам камітэт не стаў адхіляць зборнай Расеі. Пра гэта распавёў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах.

З гэтага вынікае, што ўсе расейскія лёгкаатлеты, акрамя спартоўкі ў скоках Дарʼі Клішынай, не змогуць выступаць на Алімпіядзе. Гэта звязана з тым, што раней яны ўжо былі адхіленыя ад спаборніцтваў Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных федэрацыяў (IAAF). IAAF адмовілася пераглядаць пастанову аб адхіленні спартоўцаў з Расеі.

Перад спаборніцтвамі ўсе іншыя ўдзельнікі расейскай алімпійскай зборнай мусяць прайсці дадатковую антыдопінгавую праверку.

Акрамя таго, арганізацыя прыняла пастанову не дапусціць інфарматара Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), расейскую бягунню Юлію Сцяпанаву да ўдзелу ў гульнях.

Нарада Міжнароднага алімпійскага камітэту было скліканая пасля публікацыі дакладу незалежнай камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, у якім гаварылася пра сістэматычныя парушэнні Расеяй антыдопінгавых правілаў, у тым ліку на Зімовай алімпіядзе ў Сочы ў 2014 годзе.

Нагодай для расследавання Сусветнага антыдопінгавага агенцтва стала інтэрвʼю былога кіраўніка маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгора Родчанкава выданню «The New York Times». Ён сцвярджаў, што як мінімум 15 расейскіх медалістаў на Алімпіядзе ў Сочы былі часткай «допінгавай праграмы». Родчанкаў прызнаўся, што асабіста рыхтаваў кактэйль з забароненых прэпаратаў, які дапамагаў схаваць факт ужывання допінгу.

Праца WADA пацвердзіла ягоныя словы. Паводле інфармацыі камісіі, Міністэрства спорту сумесна з маскоўскай лабараторыяй, Цэнтрам спартыўнай падрыхтоўкі і ФСБ замянялі пробы спартоўцаў, якія ўжывалі допінг. Такім чынам, гаворыцца ў дакладзе, з 2012 да 2015 года ў Расеі замянілі больш за 640 станоўчых допінг-пробаў на чыстыя.

Па дадзеных расследавання, Расея ўжо працавала са схемай утойвання допінгу на Алімпіядзе ў Лондане ў 2012 годзе, Універсіядзе ў Казані ў 2013 годзе і на другіх міжнародных спаборніцтвах.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў