Экс-кіраўнік маскоўскай лабараторыі прызнаўся ў допінгу 15 прызёраў Сочы-2014


Не менш за 15 расейскіх спартоўцаў, што выйгралі медалі на Алімпійскіх гульнях у Сочы, ужывалі допінг. Пра гэта былы кіраўнік маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгор Родчанкаў паведаміў «The New York Times».

Родчанкаў распавёў выданню, што спіс спартоўцаў, уключаных у допінгавую праграму, яму даслалі з Міністэрства спорту Расеі за два тыдні да пачатку спаборніцтваў, 21 студзеня 2014 года. Копіі электронных лістоў ён падаў выданню.

Родчанкаў даваў алімпійцам распрацаваную ім сумесь з трох забароненых прэпаратаў (метэналон, трэнбалон і аксандралон), якія раствараліся ў віскі або марціні – алкаголь дапамагаў паменшыць акно выяўлення рэчываў і паскорыць засваенне стэроідаў. Допінг прымалі першыя зоркі расейскай зборнай, у тым ліку лыжнік Аляксандр Лягкоў і яшчэ 13 чальцоў каманды па лыжных гонках, двое заслужаных бабслеістаў, адзін з якіх, Аляксандр Зубкоў атрымаў два залатыя медалі Алімпіяды, скелетаніст Аляксандр Траццякоў, а таксама ўся жаночая зборная па хакеі (якая заняла ў выніку толькі шостае месца). Тую ж сумесь давалі шэрагу спартоўцаў на Алімпіядзе 2012 года ў Лондане.

Працэс кантралявалі расейскія спецслужбы, сцвярджае Родчанкаў. За некалькі тыдняў да пачатку Гульняў у Сочы, чалавек, які на думку Родчанкава быў дасланы з ФСБ, прадэманстраваў яму ўскрытую бутэльку для аналізаў, вечка з ідэнтыфікацыйным нумарам якой заставалася некранутым. «Тады я вырашыў, што гэта вынік несанкцыянаванага [ўладамі] ўмяшання», – успамінае Родчанкаў. Пры гэтым дэталі «аперацыі», якая мела забяспечыць Расеі першае месца ў медальным заліку, ён пачаў абмяркоўваць з намеснікам міністра спорту Юрыем Нагорных за паўгода да спаборніцтваў. Нагорны ў каментары «The New York Times» зняпраўдзіў гэтую інфармацыю.

Кожны вечар з Міністэрства спорту прыходзіў спіс атлетаў, вынікі якіх неабходна было замяніць, а таксама ідэнтыфікацыйныя нумары іх бутэлек з аналізамі. Нумары ведамству паведамлялі самі спартоўцы, якія самі фатаграфавалі сямізначны код, які прадугледжвае ананімнасць тэсту. Напярэдадні праверак лабараторыя знішчала допінг-пробы, замяняючы іх чыстымі аналізамі, падрыхтаванымі за некалькі месяцаў да спаборніцтваў.

«Пакуль людзі святкавалі поспех чэмпіёнаў Алімпійскіх Гульняў, мы сядзелі і падмянялі іхную мачу. Уяўляеце, як арганізаваныя алімпійскія віды спорту?» – сказаў Родчанкаў газеце.

Каб схаваць сляды ўмяшання, у адну з дзвюх чыстых пробаў дадаваліся вада або соль (быццам спартсмен здаваў аналізы ў розны час). Такім чынам, да канца Алімпіяды ў лабараторыі пазбавіліся ад 100 станоўчых тэстаў.

Пасля Гульняў у Сочы прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін уручыў начальніку лабараторыі Ордэн Дружбы, нагадвае выданне. Аднак у лістападзе 2015-га года Сусветнае антыдопінгавае агенцтва абвінаваціла Родчанкава ў падробцы допінг-пробаў, знішчэнні аналізаў і вымагання грошай з атлетаў. Ён адмаўляе толькі апошняе сцвярджэнне. Пасля выстаўлення абвінавачванняў яго вымусілі сысці з пасады, пасля чаго ён пераехаў у Лос-Анджэлес у мэтах бяспекі. У прыватнасці, Родчанкаў лічыць падазроным, што двое ягоных калег па антыдопінгавай лабараторыі нечакана памерлі ў лютым гэтага года з розніцай у некалькі тыдняў.

11 траўня міністр спорту Расеі Віталь Мутко паведаміў, што «The New York Times» рыхтуюць матэрыял у рамках «інфармацыйнай вайны» супраць расейскіх спартоўцаў. «На самой справе за ўсім за гэтым нічога не стаіць. Ніякіх фактаў», – казаў ён ТАСС.

Раней Сусветнае антыдопінгавае агенцтва паведаміла, што праверыць звесткі пра выкарыстанне расейскімі спартоўцамі допінгу на Алімпіядзе ў Сочы, апублікаваныя тэлеканалам CBS. 8 траўня са спасылкай на знаёмага Родчанкава, тэлеканал паведаміў, што не менш за чатырох расейскіх спартоўцаў ужывалі допінг. У Маскве гэтыя абвінавачванні катэгарычна адхілілі.

У лістападзе 2015 года Сусветнае антыдопінгавае агенцтва анулявала акрэдытацыю Маскоўскай лабараторыі, выкрыўшы Расейскае антыдопінгавае агенцтва ў знішчэнні станоўчых допінг-пробаў. Медалёў Чэмпіянатаў свету і Алімпіяд пазбавіліся шасцёра расейскіх спартоўцаў, а Усерасейскую федэрацыю лёгкай атлетыкі адхілілі ад міжнародных спаборніцтваў на нявызначаны тэрмін. Перагляд пастановы можа адбыцца ў чэрвені.

МЯ, паводле slon.ru

Стужка навінаў