У Віцебскай вобласці дзейнічала «вінная мафія»


На адным з прадпрыемстваў Віцебшчыны ў пладовае віно замест спірту дадавалі яблычную брагу.

Упраўленне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі выкрыла, што на адным з заводаў Сенненскага раёну пладовае віно выраблялася з грубым парушэннем тэхналогіі.

Згодна з нарматывамі для паляпшэння якасці віна пры яго вырабе дадаецца спірт. Аднак працаўнікі прадпрыемства, парушаючы нормы, разводзілі вінаматэрыялы не спіртам, а заброджаным яблычным сокам уласнай вытворчасці.

Са студзеня 2011 г. да жніўня 2012 г. было выраблена больш за 100 тыс. літраў брагі і выпушчана 2 тыс. бутэлек віна «Дрыяда» на агульную суму больш за Br 180 млн.

Няякаснае віно канфіскавалі, і на прылаўкі яно не трапіла, паведамляе БелТА. Быў прыпынены таксама тэрмін дзеяння сертыфікату, які дае прадпрыемству права на продаж віна.

Цяпер аператыўнікі займаюцца пошукамі спірту, які быў прызначаны для выкарыстання ў вытворчасці.

У дачыненні службовай асобы, якая дапусціла махляванне з віном, складзены адміністрацыйны пратакол.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары