9297 – супраць, 86 – за: Лукашэнку адправілі звароты аб правядзенні вайсковых парадаў у Менску


Звароты наконт правядзення ў цэнтры беларускай сталіцы вайсковых парадаў і перанясення іх за межы сталіцы адправілі ў адміністрацыюЛукашэнкі і Міністэрства абароны. Пра гэта ў Facebook’у напісаў стваральнік петыцыяў, блогер Антон Матолька.

Петыцыя супраць парадаў сабрала 9297 подпісаў. За выказаліся 86 чалавек.

Сярод праблемаў, якія прыносяць вайсковыя парады, аўтары называюць разбурэнне дарожнага пакрыцця, шкоду экалогіі і здароўю людзей, транспартны калапс і грукат.

«Цяжкай вайсковай тэхніцы месца на палігонах», — напісана ў петыцыі.

Праціўнікі вайсковых парадаў указваюць не толькі на адсутнасць бяспекі пры іхным правядзенні ды наступствы для дарожнага пакрыцця, але і на немэтазгоднасць правядзення гэткіх парадаў праз вялікія выдаткі.

26 чэрвеня палкоўнік Макараў назваў тых, хто выступае супраць вайсковага параду ў Менску, ідэйнымі нашчадкамі Вільгэльма Кубэ – нямецкага гаўляйтара падчас нацысцкай акупацыі Беларусі. Пасля гэтага ў інтэрнэце з ініцыятывы палітыка Андрэя Дзмітрыева зʼявілася ініцыятыва далучыцца да калектыўнага пазову аб абароне гонару і годнасці і запатрабаваць ад Макарава публічных прабачэнняў. Антон Матолька тады сказаў, што такога чалавека трэба звольніць з Мінабароны.

Ці патэрбны парад?

Спрэчкі наконт мэтазгоднасці вайсковых парадаў у цэнтры Менску ідуць не першы год. Некалькі дзён таму блогер Антон Матолька стварыў петыцыю з прапановай не праводзіць вайсковыя парады ў горадзе – яе ўжо падпісалі больш за 5,5 тысяч чалавек. Петыцыя зʼявілася пасля таго, як 23 чэрвеня танк знёс ліхтарны слуп на праспекце Незалежнасці падчас генеральнай рэпетыцыі параду.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары