Статкевіч і Міхалевіч ідуць на выбары


Падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў.

Удзельнікі грамадзянскай ініцыятывы “Свабоду Мікалаю Статкевічу ды іншым палітвязням!” ствараюць ініцыятыўныя групы для вылучэння кандыдатамі на дэпутаты Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча. Дакументы падалі ў большасць акруговых камісіяў Беларусі, у тым ліку ва ўсе абласныя цэнтры і ў Менск.

“Вярнуць тых, каго мы выбіраем”

“З дапамогаю выбарчай кампаніі мы хочам прыцягнуць увагу да таго, што ў турме сядзіць кандыдат на прэзідэнта – Мікалай Статкевіч, а другі, Алесь Міхалевіч, застаецца ў выгнанні. Усе астатнія ўдзельнікі прэзідэнцкіх выбараў – дэмакратычныя кандыдаты на прэзідэнта – так ці інакш уціснутыя ў правах”, – сказала жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

Акрамя таго, яна кажа, што ініцыятыва “Свабоду Мікалаю Статкевічу ды іншым палітвязням!” нагадвае, што “прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 г. не адбыліся, а іх вынікі былі сфальсіфікаваныя”. Паводле жонкі палітвязня, з гэтага вынікае, што ў краіне няма законнай улады, а значыць – і парламенцкія выбары таксама незаконныя.

“Нашая мэта, – напісалі актывісты ў інтэрнэце, – вярнуць народу выбар, вярнуць тых, каго МЫ выбіраем”.

Нагадаць пра адказнасць

Адамовіч заявіла, што актывісты хочуць таксама нагадаць правераным чальцам выбарчых камісіяў, што менавіта яны адказныя за тое, што адбываецца ў Беларусі, бо іхнымі рукамі фальсіфікаваліся прэзідэнцкія выбары.

Жонка Статкевіча спадзяецца, што ў некаторых месцах ініцыятыўныя групы будуць зарэгістраваныя і паспяхова данясуць да людзей інфармацыю пра палітвязняў.

Што іх напаткала?

Мікалай Статкевіч – кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Яго арыштавалі адразу ж пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыяў на выбарах 19 снежня 2010 г. У траўні 2011 г. асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Алесь Міхалевіч – кандыдат на прэзідэнта ў выбарах 2010 г. Арыштаваны пасля заканчэння выбарчай кампаніі ў справе масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. Паводле палітыка, пасля арышту ад яго запатрабавалі выступіць на БТ з асуджэннем іншых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Быў адпушчаны пад падпіску пра нявыезд і захаванне таямніцы следства. Міхалевіч заявіў пра катаванні ў ізалятары КДБ, праз што быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ды папрасіць палітычнага прытулку ў Чэхіі.

belsat.eu

Стужка навінаў