Беларуская мова на ЦТ прыносіць лепшыя вынікі за расейскую


Цэнтралізаванае тэставанне традыцыйна распачалося з беларускай мовы.

Здаваць беларускую мову зарэгістраваліся сёлета 45 199 чалавек. Гэта на 15 % менш, чымся летась. Самым папулярным прадметам сёлета аказалася расейская мова, адцясніўшы «царыцу навук» – матэматыку – на другое месца. Расейскую мову для здачы выбралі 95 896 чалавек (толькі на прыкладна 700 асобаў менш, чымся летась).

Звычайна вынікі па беларускай мове лепшыя за расейскую. Летась сярэдні бал склаў 31,11 і 30,48 адпаведна. У 2010 г. розніца склала толькі 0,1 балы, але і тут выпрабаванне па беларускай мове прынесла лепшыя вынікі – 31,37 і 31,27 балаў адпаведна. У 2009 г. колькасць абітурыентаў, якія здалі беларускую мову і атрымалі максімальны вынік па 100-бальнай шкале, значна перавышала колькасць зарэгістраваных стобальных вынікаў па расейскай мове (70 і 30 адпаведна).

Каб у ВНУ не паступалі слабыя абітурыенты, сёлета ўсталявалі мінімальную адзнаку – 7. Горшы вынік лічыцца нездавальняючым.

Сертыфікаты ж ЦТ атрымаюць усе, хто здасць яго на 1 бал і вышэй. Абітурыентаў з адзнакаю 0 не возьмуць нават у сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову.

belsat.eu

Стужка навінаў