Рыхтаваць Горкі да «Дажынак» будуць 7000 студэнтаў


Сёлета прыцягненне працоўнай сілы дзеля падрыхтоўкі да “Дажынак-2012”, што пройдуць у Горках, дасягнула беспрэцэдэнтнай велічыні. Толькі ў будатрадах маюць працаваць 7000 студэнтаў. Апроч таго, бясплатна працуюць школьнікі ды працоўныя калектывы. Чаму ў простага фестывалю ўраджаю вырастаюць апетыты, апавядае Аляксандр Ярашук.

У Горках, дзе праз тры месяцы адбудзецца фестываль працаўнікоў сяла “Дажынкі-2012”, ідзе буйная перабудова. Гарадскія ўлады хочуць перарабіць цэнтральную плошчу імя Леніна, пабудаваць вакзал, бібліятэку, лядовую арэну, рэканструяваць гатэль ды іншае. На тэрыторыі раёну і вобласці на гэтае лета запланаваныя перабудова жывёлагадоўчых фермаў, узвядзенне новых і добраўпарадкаванне сельсаветаў.

Паводле афіцыйных планаў, да дажынкаўскіх працаў прыцягнуць 7000 студэнтаў у будатрадах, а таксама школьнікаў. Колькі людзей будуць займацца бясплатнымі працамі без уліку, улады не кажуць. Да прыкладу, у адмысловым дажынкаўскім суботніку, што прайшоў напрыканцы траўня, удзельнічалі як мінімум 20 000 чалавек. Сваёй бясплатнаю працаю яны зэканомілі бюджэту 5 млрд рублёў. Таксама ўлады бясплатна выкарыстоўваюць студэнтаў. Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна” http://spring96.org/ru/news/52450, студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі прымушаюць працаваць на будоўлях і ў батанічным садзе замест заняткаў.

На памяці Аляксандра Ярашука не было выпадкаў, каб да дажынкаўскіх будоўляў прыцягвалі такую колькасць студэнтаў. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў тлумачыць рост “дажынкаўскіх” апетытаў ідэалагічнаю заканамернасцю.

Першыя “Дажынкі” адбыліся ў Століне ў 1996 г. Аляксандр Ярашук, які ў той час працаваў у апараце выканаўчай улады, называе тую імпрэзу самаю сціплаю за гісторыю фестывалю. На думку эксперта, “Дажынкі” – ідэалагічная з’ява, і кожная наступная імпрэза мае пераўзыходзіць папярэднюю маштабам і колькасцю дасягненняў.

“Я бачу дзве прычыны, з якіх улады звяртаюцца да непрафесійных працаўнікоў. Ёсць аб’ектыўная эканамічная прычына: ад пачатку года ў Беларусі звольніліся і з’ехалі тысячы будаўнікоў, і дагэтуль едуць. Ёсць дэфіцыт будаўнікоў – і працаваць, акрамя студэнтаў і школьнікаў, няма каму. Па-другое, трэба мець на ўвазе, што “Дажынкі” заўсёды выконвалі ідэалагічную функцыю. За саветамі была традыцыя студэнцкіх атрадаў, якія паказвалі, што народ аб’яднаны адною мэтаю. Нічога агульнага з развіццём эканомікі, з яе праблемамі гэта не мае”, – паведаміў службе інфармацыі “Белсат” Аляксандр Ярашук.

belsat.eu

Стужка навінаў