Вымушаная прыватызацыя. Раўнд другі?


Што азначае скасаванне спісаў прадпрыемстваў, якія не могуць быць прыватызаваныя? Наперадзе – татальны распродаж стратэгічных прадпрыемстваў? Кіраўнік дзяржавы заяўляе, што «абвальнай прыватызацыі ў краіне не будзе», тым часам незалежныя эканамісты папярэджваюць: запазычанасці дасягнулі крытычнай мяжы.

Паводле чыноўнікаў, цяпер Беларусь вядзе перамовы аб прыватызацыі васьмі «сярэдніх» прадпрыемстваў. Пра гэта раней заяўляў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. Паводле яго, гэта прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай і будаўнічай галінаў. «Размова ідзе пра сярэднія прадпрыемствы, а не пра «блакітныя фішкі». Перамовы наконт «блакітных фішак» маюць свае эканамічныя і геапалітычныя нюансы і не ёсць індыкатарамі таго, як у нас праводзіцца прыватызацыя, у адрозненне ад такіх сярэдніх прадпрыемстваў», – заявіў Снапкоў.

Адною з такіх «блакітных фішак» у свой час быў «Белтрансгаз». Гэта стратэгічнае прадпрыемства і, тым не менш, яно цалкам перайшло пад кантроль расейцаў. «Час быў цяжкі. Неяк Сямашка нават сказаў, што калі б не прадалі другой часткі пакету акцыяў «Белтрансгазу», то ў краіне была б правальная сітуацыя, бо за продаж другой паловы акцыяў «Белтрансгазу» беларусы атрымалі чарговыя расейскія субсідыі – і вельмі немалыя. Кошты на газ былі зніжаныя, і гэта дае эканоміцы $ 3 млрд сёлета. Калі б не гэтыя $ 3 млрд і не $ 2,5 млрд атрыманых за другую частку акцыяў, то сёлета было б паўтарэнне той сітуацыі, што была летась. Лукашэнка быў у безвыходнай сітуацыі», – мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цяпер улады плануюць «кропкавую прыватызацыю». Пры гэтым, паводле Аляксандра Лукашэнкі, прыватызаваць могуць любое прадпрыемства, «пытанне толькі ў цане» Аднак эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што такіх прадпрыемстваў будзе няшмат. «Акрамя вымушанай прыватызацыі «Белтрансгазу», магчыма, будзе яшчэ прыватызацыя невялікай колькасці аб’ектаў, але пакуль у нас застаецца кірунак сталінскай мадэлі сацыялізму ўсёй нашай краіны. Я не чакаю, што будзе нейкая вялікая прыватызацыя», – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu
https://youtu.be/bDquj0ftu0Q

Глядзі таксама
Каментары