Знайшлося ўжыванне для БРСМаўскага МААПу


Інфармацыйна-адукацыйны партал ByMedia.net апублікаваў здымкі, дзе сябры БРСМу блакуюць працу фатографа. Маладыя людзі закрываюць рукамі аб’ектыў фотакамеры, што здымае першамайскі мітынг гэтай прадзяржаўнай моладзевай арганізацыі.

На фотаздымках бачныя сябры МААПу (Младзевы атрад аховы правапарадку) БРСМу, апранутыя ў адмысловае чорнае форменнае адзенне. Гэтыя юнакі ахоўвалі грамадскі парадак на першамайскім мітынгу БРСМу, што праходзіў каля менскай Стэлы.

Юнакі з моладзевага атраду паўтараюць паводзіны міліцыі, лічыць журналіст Алег Груздзіловіч. Міліцыя і службоўцы ў цывільным часта перашкаджаюць яго працы: “На масавых падзеях рэгулярна з’яўляецца чалавек, які за мною ходзіць і закрывае аб’ектыў камеры. Бывае, выбіваюць камеру. Часам прыходзяць памагатыя яму, якія затрымліваюць, да прыкладу, у метро і не пускаюць здымаць апазіцыйную акцыю”.
Наўмысна перашкаджаюць журналістам працаўнікі міліцыі на загад вышэйшага начальства, мяркуе відэарэпарцёр Груздзіловіч: “У выпадку з Першамаем імкнуліся, каб у інтэрнэт не трапілі здымкі, дзе бачна, што не ўсе ўдзельнікі мітынгу шчырыя бээрэсэмаўцы. Арганізатарам было дастаткова, што іх чарговую акцыю БТ здыме і пакажа адмысловым чынам. А сутнасць акцыі, якую могуць данесці незалежныя журналісты, паказаўшы твары людзей, запытаўшыся пра іх стаўленне, ім не патрэбная”.

Нагадаем, што 7-ы артыкул Закону аб СМІ забараняе прымушаць журналіста да распаўсюду альбо да адмовы ад распаўсюду інфармацыі. Такім прымус з ужываннем службовага становішча вядзе да крымінальнай адказнасці.

МААП існуе пры БРСМе і дзее самастойна, а таксама пад шэфствам мясцовай міліцыі. Афіцыйны сайт Менскага гаркаму арганізацыі паведамляе, што асноўная мэта гэткіх атрадаў – актыўны ўдзел у падтрыманні і ахове правапарадку, прафілактыка правапарушэнняў сярод моладзі.

Паводле ўнутраных правілаў, МААПавец мае абмежаваны набор функцыяў: удзел у ахове правапарадку, спрыянне міліцыі, праца ў прававой адукацыі моладзі. Праца з медыямі ў функцыі МААПу не ўваходзіць.

Моладзевая арганізацыя заахвочвае юнакоў да ўступлення ў атрады рэкамендацыямі на паступленне ў міліцэйскія ВНУ. Сёлета БРСМ даў дадатковы шанец у спаборніцтве на студэнцтва ста самым актыўным МААПаўцам.

Па краіне колькасць юнакоў-МААПаўцаў дасягае 7 тысячаў. МААПаўцам можа стаць любы малады чалавек з ліку сябраў БРСМ, які дасягнуў 16 гадоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары