1 траўня – Дзень працы: адкуль звальняюцца беларусы?


Беларусы часцей сталі звальняцца з працы, чым на яе ўладкоўвацца. Сёлета за першы квартал звольнілася на 10 000 людзей больш, чымся было прынята на працу. Беларусы сыходзяць з прадпрыемстваў, каб паехаць на будоўлі ў Расеі, мяркуе лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

З беларускіх прадпрыемстваў сышлі 186 000 працаўнікоў за першы квартал 2012 г. А прынялі на працу 176 000, паведамляе Белстат.

Найменш прывабнымі для беларусаў галінамі гаспадаркі сталі будаўніцтва і адукацыя, тут імкліва мяняюцца кадры. Гэтак, за першыя месяцы года з будаўніцтва сышлі 27 000 пры 17 000 прынятых – суадносіны 65 %. У сферы адукацыі звольнілася на 16 % працаўнікоў больш, чым прыйшло. На трэцім месцы ў колькасці звальненняў – транспарт і сувязь, тут дэфіцыт 11 %.

Статыстыка http://belstat.gov.by/

Перакос у бок звольненых – сітуацыя звыклая для беларускай эканомікі. І на думку прафсаюзнага лідара Александра Ярашука, нават нармальная: змяншэнне адміністратыўнага ціску дало развіццё рынкавым тэндэнцыям:

“Будаўніцтва – тая сфера, адкуль людзі масава звальняюцца самі, нават насуперак кантрактнай сістэме. Гэта тая галіна, адкуль людзі выязджаюць у якасці працоўных мігрантаў, перадусім у Расею. Там заробкі не ў два, не ў тры, а ў пяць-шэсць разоў большыя, чым у нас”, – тлумачыць эксперт.

Паводле эксперта, адукацыя – найбольш занядбаная галіна эканомікі. Трэба толькі паспачуваць яе працаўнікам. Настаўнікі не могуць задаволіцца ўзроўнем заробкаў і тым, што выконваюць ролю байцоў ідэалагічнага фронту.

Тыя працоўныя рукі, што вызваляюцца, маюць быць запатрабаваныя ў самой краіне. Але гэтая ідэя пакуль што застаецца мараю – каб зарабіць, беларусы едуць за мяжу.

Ад пачатку года працаваць за мяжу афіцыйна з’ехалі 514 жыхароў сталіцы. З іх 441 – у Расею.

“Рэальна гэта не 500 чалавек у першым квартале. Незалежныя эксперты і аналітыкі называюць лічбу ад 300 000 да 1 млн беларусаў, што цяпер працуюць у Расеі. Статыстыка абсалютна не адлюстроўвае рэальнай сітуацыі ў працоўнай міграцыі. І праз гэта мы не маем магчымасці фармаваць адпаведную палітыку”, – рэзюмуе Аляксандр Ярашук.

belsat.eu

Стужка навінаў