«Вышэй за неба» пройдзе цэнзуру, калі яго ўвогуле пакажуць



Першы беларускі моладзевы серыял «Вышэй за неба» можа не трапіць да гледача. Стваральнікі бачаць прычыну ў цэнзуры.

«Пасля завяршэння здымак Праграма развіцця ААН (ПРААН) падзякавала мне за працу, асабіста паціснуў руку кіраўнік беларускага прадстаўніцтва праграмы Антоніус Брук, а потым аказалася, што ўсю здымачную каманду адхілілі ад далейшай працы над праектам», – расказаў сцэнарыст і крэатыўны прадзюсар фільму Андрэй Курэйчык.

8-серыйны фільм «Вышэй за неба» здымаўся на грант Глабальнага фонду ААН для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй. У ім бралі ўдзел шэраг вядомых беларусаў: Vinsent, Аляксандр Кулінковіч, Алег Хаменка, Дар’я Домрачава. Адною з разынак фільму было выкарыстанне дзвюхмоўя.

«Фільм атрымаўся бескампрамісным. Разумеючы, што нам трапілася адзіная магчымасць зняць незалежнае кіно пра жыццё беларускай моладзі, мы зрабілі сумленны праект. Ён выглядае больш жорсткім, чымся планавалася паводле сцэнару. Фільм мусілі трансляваць па БТ, таму цалкам імаверна, што прадстаўнікі каналу не даюць дазволу на паказ фільму ў нашым варыянце», – разважае сцэнарыст.

У выніку замест серыялу атрымаўся фільм. Сцэнарыст Андрэй Курэйчык, рэжысёр Дзмітрый Марынін, кампазітар Дзмітрый Фрыга ды іншыя ўдзельнікі здымачнай групы ў блогу праекту просяць кіраўніцтва ПРААН «дазволіць паказ поўнаметражнай версіі фільму», прынамсі «ў абмежаваным пракаце».

«Мы паспелі падрыхтаваць толькі поўнаметражную версію фільму, за мастацкую якасць якой нясем поўную адказнасць. Прадукт атрымаўся якасным і здолее годна прадставіць Беларусь на розных фестывалях. Ад далейшай працы над фільмам нас адхілілі», – падкрэслівае Андрэй Курэйчык.

У адказ на публікацыю ў блогу ПРААН абвінавачвае Курэйчыка ў «неадпаведнасці падпісанага кантракту і знятага матэрыялу», а таксама выказвае занепакоенасць з магчымасці стварэння несанкцыяванай, спрошчанай і не адпаведнай падпісанаму сцэнару версіі фільму, якая парушыць аўтарскія правы ПРААН.

«Маёмасныя правы на відэаматэрыял «Вышэй за неба» належаць ПРААН, але за аўтарамі – сцэнарыстам, рэжысёрам і кампазітарам – захоўваюцца немаёмасныя (творчыя) правы. Калі наш твор паспрабуюць сказіць, мы будзем звяртацца па абарону. Але хочацца верыць, што чыноўнікі з ПРААН прымуць разумнае рашэнне», – спадзяецца Андрэй Курэйчык.

belsat.eu
https://youtu.be/UbJkDmYd6mo

Глядзі таксама
Каментары