У адной з крамаў Гомля спрацавала «тэрарыстычная прылада»


Пра гэта паведамляе прэсавая служба ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці. Спецслужбы падазраюць асобаў «з краінаў з тэрарыстычнай актыўнасцю».

«Крымінальная справа паводле прыкметаў злачынства, склад якога прадугледжаны ч. 1 арт. 290 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (пагроза актам тэрарызму) распачатая ўпраўленнем КДБ Беларусі па Гомельскай вобласці. Падставаю для адкрыцця крымінальнай справы стаўся факт прывядзення ў дзеянне 19 красавіка 2012 г. а 13:58 самаробнай прылады для ажыццяўлення дзеянняў тэрарыстычнай накіраванасці ў гандлёвай зале адной з крамаў у цэнтральнай частцы Гомля», – паведаміла БелТА, спасылаючыся на прэс-службу КДБ.

«Экспертыза пакажа, ці была гэта менавіта выбуховая прылада», – растлумачылі ў КДБ. Таксама ў камітэце адзначылі, што пры выбуху ніхто сур’ёзна не пацярпеў. Адзін чалавек атрымаў нязначныя цялесныя пашкоджанні.

Спецслужбы паведамляюць пра атрыманне аператыўных звестак, якія сталіся падставаю для распрацоўвання версіі пра «разборкі» паміж арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі з ліку замежных грамадзянаў, што прыбываюць пад выглядам навучэнцаў ва ўніверсітэты Гомля.

«На пачатку красавіка сёлета ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці атрымала інфармацыю пра актывізацыю дзейнасці так званых менеджараў, якія прыбылі ў Гомель для арганізацыі паступлення ў ВНУ значнай колькасці навучэнцаў з Сірыі, Емену, Пакістану і Нігерыі. Раней візітаў такога кшталту пасярэднікаў не назіралася, а арганізацыя паступлення ажыццяўлялася ў вызначаным парадку праз Міністэрства адукацыі Беларусі. Асобныя элементы прылады, выяўленыя на месцы здзяйснення злачынства, не вырабляліся ў Беларусі і паказваюць на іх замежнае паходжанне», – адзначылі ў прэсавай групе УКДБ па Гомельскай вобласці.

Па выніках прагляду запісаў камераў назірання, аналізу тэлефонных злучэнняў ды іншых звестак следчыя і аператыўныя падраздзяленні арганізавалі вышук двух мужчынаў ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў, сярэдняга росту. Адзін з падазраваных – каржакаватага целаскладу, носіць кароткую бараду, на твары – ярка выражаны шнар.

Разам з тым следства адпрацоўвае і іншыя найбольш імаверныя версіі.

«Звяртае на сябе ўвагу актывізацыя дзейнасці арганізатараў каналаў нелегальнай міграцыі з краінаў з тэрарыстычнай актыўнасцю і на ўкраінскай тэрыторыі. Паводле афіцыйнай інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, толькі ў першым квартале сёлета затрымалі 390 нелегальных мігрантаў, канфіскавалі 181 адзінку зброі, больш за 6 тыс. боепрыпасаў і амаль 6 кг выбуховых рэчываў. З улікам геаграфічнай блізкасці Гомля да сумежнай тэрыторыі, следства вывучае перададзеныя ананімна звесткі пра ўзаемасувязь падазраваных асобаў з падзеямі, якія адбыліся ў Адэсе», – паведамілі ў прэс-групе.

Упраўленне КДБ Беларусі па Гомельскай вобласці просіць грамадзянаў, якім вядомая якая-небудзь інфармацыя, што мае значэнне для крымінальнай справы, устанаўлення і вышуку асобаў, якія маюць дачыненне да арганізацыі злачынства, звяртацца ў УКДБ па Гомельскай вобласці па тэлефоне даверу 127.

belsat.eu

Стужка навінаў