Мікалай Статкевіч: Улада рыхтуецца зрабіць вас саўдзельнікамі злачынстваў


https://youtu.be/iIlmQ2eDUxo
Кандыдат на прэзідэнта, падпалкоўнік запасу, у сваім відэазвароце да вайскоўцаў заклікае падчас выбараў прытрымлівацца прысягі ды “фіксаваць факты злачынства і асобаў, якія яго ўчынялі”.

“Я звяртаюся да вас не як кандыдат на прэзідэнта, а як афіцэр, як падпалкоўнік запасу, які добра разумее вашую сітуацыю”, – заявіў Статкевіч на пачатку звароту.

“Улада рыхтуецца ўцягнуць вас у свае небяспечныя гульні, зрабіць саўдзельнікамі сваіх злачынстваў. Адзін чалавек спрабуе пераканаць вас, што ён галоўнакамандуючы, што ён прэзідэнт і мае права аддаваць любыя загады. Гэта не так. Гэта права ён страціў у 1999 годзе, а потым, пайшоўшы на выбары, сфальсіфікаваў іх. Ён цяпер – былы галоўнакамандуючы і былы прэзідэнт”, – заявіў Статкевіч.

Палітык звярнуўся да афіцэраў сілавых структураў з заклікам успомніць, што ў 1999 годзе былі “выкрадзеныя, закатаваныя і забітыя Віктар Ганчар, Юрый Захаранка”. “Афіцэры і салдаты, якія выканалі гэты злачынны загад, – яны аказаліся крайнімі. Кагосьці з іх пасадзілі на 20 гадоў у турму. Хтосьці знік, напэўна, назаўсёды. Хтосьці спрабуе хадзіць сярод нас з аховаю. Але гэта ахова не ад нас: гэта ахова ад тых, хто даваў яму каманду забіваць сведак. Вы не думайце, што ўлада ў чымсьці арыгінальная. У нас у краіне адпачывае былы прэзідэнт Бакіеў. Ён таксама аддаў каманду вайскоўцам страляць, і яны стралялі. Яны выканалі загад, і яны думалі, што яны дзеяць паводле статуту. А цяпер іх асудзілі. Асудзілі і вельмі жорстка пакаралі. А ён тут, адпачывае. Або вось яшчэ прыклад: суседняя Польшча. Спецназ атрымлівае загад страляць у шахцёраў. І ён гэты загад выконвае. І нядаўна іх судзілі – праз 20 з чымсьці гадоў. Іх таксама жорстка пакаралі. Дагэтуль у Чылі сядзяць 500 афіцэраў за тое, што яны выконвалі загады Піначэта. Пераварот у Чылі, я нагадаю, адбыўся ў 1973 годзе. Піначэт памёр у цёплай пасцелі. А яны дагэтуль сядзяць”, – падкрэсліў Статкевіч.

“Часам дастаткова, каб захаваць гонар і вернасць прысязе, проста выконваць законы. Напрыклад, датэрміновае галасаванне. Сяржанты і афіцэры міліцыі ахоўваюць скрыні. На вашых вачах будзе ўчыняцца злачынства. Гэта ўжо было ў 2008 годзе. Але з шасці з паловай тысяч участкаў і адпаведнай колькасці сяржантаў і афіцэраў міліцыі толькі адзін падпалкоўнік знайшоўся, падпалкоўнік Казлоў, які зрабіў паводле закону: спрабаваў праінфармаваць аб злачынстве. Зрабіце тое ж самае! Урэшце, зафіксуйце факт злачынства і асобаў, якія яго ўчынялі”, – заклікаў Статкевіч.

“І, нарэшце, 19 снежня. Тысячы грамадзянаў Беларусі, вашых суседзяў, знаёмых, магчыма, нават сяброў, выйдуць на плошчу ў Менску. Калі яны даведаюцца, што выбары зноў сфальсіфікаваныя, яны будуць пратэставаць. А ўлада зноў закрыецца вамі. Падумайце, у якой сітуацыі вы можаце аказацца. Захавайце свой гонар. Не дайце ўцягнуць вас у злачынствы. Служыце, як вы прысягалі, Канстытуцыі і народу”, – заявіў кандыдат на прэзідэнта.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары