Расея: новыя арышты


Маскоўская паліцыя арыштавала некалькі чалавек з тых, хто прыйшоў на акцыю пратэсту перад Дзяржаўнаю Думаю. Сёння ў расейскім парламенце Пуцін мае выступіць перад дэпутатамі.

Пратэстоўцы планавалі прайсці да будынку расейскага парламенту, аднак ходнікі перакрыла паліцыя, усталяваўшы загародкі. Людзей не прапускалі без тлумачэння прычынаў. Пасля кароткай спрэчкі самых актыўных пратэстоўцаў завялі ў паліцэйскі аўтобус.

«Сёння я прыйшла сюды, каб выказаць пратэст супраць незаконных дзеянняў Пуціна, фактычна ён пераўтварае Расею ў турму, бо немагчыма выказаць сваё меркаванне», – заявіла журналістам адна з удзельніц акцыі пратэсту.

Пратэставыя настроі ў Расеі абудзіліся пасля выбараў у парламент. На меркаванне дэмакратычнай апазіцыі, вынікі галасавання былі фальсіфікаваныя на карысць пракрамлёўскай партыі «Единая Россия». На іхнюю думку, прэзідэнцкія выбары, дзе перамог дзейны прэм’ер Уладзімір Пуцін, таксама прайшлі са шматлікімі парушэннямі. Праз месяц мае адбыцца інаўгурацыя, і Уладзімір Пуцін распачне свой трэці прэзідэнцкі тэрмін, які, дзякуючы зменам у Канстытуцыі, падоўжаны да 6 гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў