Побач з месцам расстрэлу пракладаюць электралінію


Таварыства «Мемарыял» б’е трывогу: будаўнікі могуць пашкодзіць у Менску брацкую магілу «Ручай крыві», дзе пахаваныя каля 10 тыс. ахвяраў фашызму.

Паміж вуліцаю Нававіленскаю і Свіслаччу месціцца масавае пахаванне вязняў фашысцкага канцлагеру «Дразды». У тэрыторыю пахавання з двух бакоў упіраюцца траншэі з пакладзенымі ў іх бетоннымі жалабамі. Выглядае, работы прыпыненыя часова.

Канцлагер на 150 тыс. вязняў, адзін з першых у Беларусі, пабудавалі ў гады Другой сусветнай вайны непадалёк вёскі Дразды. У той час горад канчаўся за два–тры кіламетры ад вёскі. Побач з «Ручаём крыві» было месца расстрэлу ваеннапалонных. Мяркуецца, што ў магіле пахаваныя прыблізна 10 тыс. расстраляных. Даўжыня магілы – больш за трыста метраў, шырыня – прыблізна тры метры.

«Напярэдадні ні ў гарвыканкаме, ні ў райвыканкаме нам дакладна так і не адказалі, хто і чаму цягне камунікацыі цераз падахоўнае месца, – гаворыць старшыня рады менскага аддзялення таварыства «Мемарыял» былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі. – Адзінае, што нам паведамілі, што пракладаюць нейкую электрасістэму і што гэты праект нібыта ўзгоднены з Міністэрствам культуры. Але маё тэлефанаванне ў Міністэрства культуры паказала, што і там пра гэтыя работы не ведаюць».

Прадстаўніку «Мемарыялу» паведамілі, што траншэю заглыбяць не больш як на 70 см, хаця ўжо цяпер відаць, што яе глыбіня – не менш за два метры. «Баюся, што будаўнікі маглі раскрыць і само пахаванне, – дапускае Раманоўскі, – бо глыбіня ўжо такая, што вось-вось могуць з’явіцца парэшткі людзей, якія тут пахаваныя».

Межы брацкай магілы пазначаюць драўляныя таблічкі, усталяваныя вучнямі 104-й сярэдняй школы, якія апякуюцца пахаваннем. На думку прадстаўніка «Мемарыялу», калі траншэю сапраўды трэба пракласці менавіта ў гэтым месцы, выйсце толькі адно – цывілізавана правесці эксгумацыю парэшткаў.

belsat.eu

Стужка навінаў