Трэцяя гадавіна “Белсату”. Фотарэпартаж


10 снежня мінула трэцяя гадавіна трансляцыі тэлеканалу Белсат”.

З гэтае нагоды ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння статуэтак Сябар “Белсату, спалучаная з дыскусіяй Мост ці мур? Выбары ў Беларусі і выклікі для польскай усходняй палітыкі. Дырэктарка “Белсату” Агнешка Рамашэўская-Гузы падкрэсліла, што найбольшы поспех “Белсату”, акрамя павелічэння колькасці гледачоў, – каманда”. Паводле кіраўніцы, “Белсат” сабраў вакол сябе ў Беларусі ды Польшчы некалькі дзясяткаў журналістаў і аператараў, якія штодзённа рыхтуюць актуальныя інфармацыйныя матэрыялы і дакументальныя фільмы. Насуперак існым меркаванням, “Белсат” не ствараецца ў Варшаве: большасць сюжэтаў – вынік працы журналістаў у Беларусі, якія дзеяць у вельмі цяжкіх умовах”, – зазначыла спадарыня Анешка.

Агнешка Рамашэўская-Гузы выказала надзею, што згодна з абяцаннямі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі Белсат” атрымае большую свабоду дзеяння, а яна сама – магчымасць паехаць у Беларусь.

Сёлета ўзнагароду Сябар “Белсату атрымалі людзі, якія цягам года падтрымлівалі тэлеканал: Анжэліка Борыс, былая старшыня Саюзу палякаў на Беларусі, якая заўсёды ў размовах з польскімі ўладамі падкрэслівала ролю “Белсату”; Даг Хартэльюс, амбасадар Каралеўства Швецыі ў Польшчы, дзякуючы якому шведскі ўрад падтрымаўБелсат”. Зінаіда Бандарэнка – легендарная беларуская тэлевядоўца, якая рыхтуе журналістаў “Белсату”. Статуэтку атрымала таксама Івонка Сурвіла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. “Віншую і дзякую “Белсату” за вялікую і цудоўную працу, якую вы робіце для Беларусі. Зычу поспеху ў будучыні. Няхай жыве Беларусь”, – напісала яна ў сваім лісце да працаўнікоў “Белсату”.

У дыскусіі прынялі ўдзел былы кандыдат на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, лаўрэат узнагароды Еўрапейскага Парламенту імя. А. Сахарава Аляксандр Мілінкевіч; прафесар Владзімеж Марціняк з Інстытуту палітычных навук Польскай Акадэміі навук; прафесар Анджэй дэ Лазары з Лодзеўскага ўніверсітэту; а таксама Адам Эбэргарт з Цэнтру ўсходніх даследаванняў. Удзельнікі спрачаліся наконт польскай палітыкі ў дачыненні Беларусі ў сітуацыі паляпшэння стасункаў з Расеяй. Удзельнікі таксама разважалі пра тое, як Польшча і Еўропа могуць выкарыстаць аслабленне рэжыму Лукашэнкі. Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што ў Беларусі адбываецца падзел апазіцыйных элітаў на тых, якія падтрымліваюць заходні кірунак у замежнай палітыцы, і на фракцыю, якая скіроўвае погляд у бок Расеі, і гэта, паводле яго, натуральная тэндэнцыя. Мілінкевіч падкрэсліў, што Белсат не толькі сродак масавай інфармацыі які пашырае свабоду слова і даказвае польскую салідарнасць з дэмакратычным грамадствам у Беларусі, але і месца рыхтавання кадраў, якія ў будучыні будуць працаваць у свабодных беларускіх медыях.

Урачыстасць скончыла прэзентацыя кнігі Быць журналістам “Белсату. Гэта выдадзены тэлеканалам падручнік для тэлевізійных журналістаў. Каардынавалі праект Лідыя Галь і Зміцер Саўка. Гэта першая публікацыя такога кшталту па-беларуску.

Кніга ўнікальная, якая паказвае, што “Белсат” не толькі тэлеканал, але і ўстанова, якая стварае веды і ўмее перадаваць свой досвед, – сказаў спадар Саўка напрыканцы прэзентацыі.

Глядзі таксама
Каментары