Лукашэнка адправіўся ў Маскву


Аляксандр Лукашэнка выправіўся з працоўным візітам у Расею, дзе 19 сакавіка возьме ўдзел у пасяджэнні Міждзяржаўнага савету ЕўрАзЭС, паведаміла прэс-служба кіраўніка краіны. Падчас сустрэчы, што мае адбыцца, кіраўнікі дзяржаваў – чальцоў ЕўрАзЭС прымуць рашэнне адносна базавых прынцыпаў праекту дамовы, якая прадугледжвае пераўтварэнне ЕўрАзЭС у новае інтэграцыйнае аб’яднанне. Дамоўленасць пра гэта была дасягнутая на папярэднім саміце 19 снежня 2011 г. у Маскве.

Апрача таго, будуць разгледжаныя пытанні пачатку працы Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК). ЕЭК дзее з 1 лютага 2012 г., старшыня калегіі ЕЭК – Віктар Хрысценка.

“Прэзідэнты абмяркуюць далейшае ўзаемадзеянне дзяржаваў інтэграцыйнага аб’яднання ва ўмовах стварэння і развіцця Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расеі ды Казахстану”, – сказана ў прэс-рэлізе.

У сваю чаргу, прэс-служба прэзідэнта Расеі паведамляе: кіраўнікі дзяржаваў – чальцоў Міждзяржсавету ЕўрАзЭС абмяркуюць пытанні далейшай інтэграцыі на еўразійскай прасторы. У пасяджэнні возьмуць удзел кіраўнікі Расеі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану, а таксама лідары дзяржаваў-назіральнікаў (Арменія, Малдова і Украіна).

“Гэтая сустрэча мае вялікае значэнне для далейшай еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Чакаецца, што лідары дзяржаваў-членаў прымуць рашэнні, якія ўдакладняць контуры будучых рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў”, – гаворыцца ў паведамленні.

belsat.eu

Стужка навінаў