Паганяйла: Лукашэнка мусіць адказаць праз 2–3 дні


Камісія ў пытаннях памілавання пры прэзідэнту Рэспублікі Беларусь разгледзела пытанне ў дачыненні Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, асуджаных да смяротнай кары за тэракт у менскім метро.

Пра гэта паведаміў чалец камісіі Мікалай Самасейка, кіраўнік камісіі Палаты прадстаўнікоў у справе заканадаўства і судова-прававых пытанняў. Аднак пра тое, якое рашэнне прынялі, ён не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што гэта – прэрагатыва прэзідэнта.

Адмовіўся Самасейка адказваць і на пытанне, ці разглядаліся на пасяджэнні прашэнні аб памілаванні, напісаныя на імя Аляксандра Лукашэнкі экс-кандыдатам на прэзідэнта Андрэем Саннікавым і ягонаю даверанай асобаю на выбарах 2010 года Дзмітрыем Бандарэнкам.

Як патлумачыў “Белсату” праваабаронца Гары Паганяйла, рашэнне “караць ці мілаваць” прымае асабіста прэзідэнт. Афармляецца яно адпаведна заканадаўчым актам. “Прэзідэнт можа прыняць да ўвагі высновы камісіі, а можа і не пагадзіцца з імі. У любым выпадку, згодна з Канстытуцыяй, апошняе слова застаецца за ім. Таму да з’яўлення ўказу, які, несумненна, мусяць перадаць у СМІ, лёс асуджаных невядомы”, – адзначае праваабаронца.

Чаму чальцы камісіі не захацелі агучыць вынікаў паседжання прадстаўнікам СМІ? Гары Паганяйла ўпэўнены, што ім перашкаджае “страх прадэманстраваць сваю самастойнасць” – а раптам прэзідэнт прыме іншае рашэнне? “Уся сістэма ў нас пабудаваная гэтак, што ў ёй няма месца асабістаму меркаванню, рашэнне мусіць узгадняцца з “вярхамі”. Таму без найвышэйшага дазволу крок улева ці ўправа раўназначны расстрэлу”, – невясёла жартуе праваабаронца.

Паводле Гары Паганяйлы, згодна з рэгламентам на прыняцце канчатковага рашэння прэзідэнту адводзіцца 2–3 дня. Аднак праваабаронца не выключае, што ўся працэдура можа зацягнуцца, нават не на адзін месяц: “Вы ж разумееце, калі гаворка ідзе ў нас пра галоўнага чыноўніка, то тут аніякія правілы не дзеяць”.

Смяротны вырак Дзмітрыю Канавалаву, прызнанаму вінаватым у выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011 г., і Уладзіславу Кавалёву – за суўдзел у тэрарызме – Вярхоўны суд Беларусі вынес 30 лістапада 2011 г. Кавалёў напісаў прашэнне прэзідэнту аб памілаванні, Канавалаў, паводле афіцыйнай інфармацыі, – не.

Андрэя Саннікава прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. У канцы студзеня стала вядома, што ён напісаў прашэнне аб памілаванні. Паводле жонкі палітыка, Ірыны Халіп, зрабіў гэта яшчэ 20 лістапада 2011 г. пад уздзеяннем катаванняў. Аднак у МУС сцвярджаюць, што Саннікаў напісаў прашэнне 23 снежня, і 23 студзеня яго перадалі ў аддзел пытанняў грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта.

Дзмітрыя Бандарэнку асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 г. у яго абвастрыліся хранічныя хваробы, у ліпені яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку ў 5-й клінічнай больніцы Менску. У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку зрабілі больш жорсткія ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя. Асуджанаму, у прыватнасці, забаранілі карыстацца мыліцаю, на якую ён абапіраўся, ходзячы, насіць мяккі абутак, які яму перадала жонка, забавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у шыхце. Пасля таго, як 1 лютага Бандарэнка падаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцаю.

belsat.eu

Стужка навінаў