Прадаваць алкаголь будуць з 21 года?


З такою прапановаю Міністэрства здароўя Беларусі збіраецца звярнуцца ва ўрад у другім квартале сёлета.

«Мы плануем звярнуцца ва ўрад з прапановаю знізіць даступнасць алкаголю і ажыццяўляць яго продаж толькі з 21 года», – паведаміў галоўны нарколаг міністэрства Сяргей Асіпчык. Месяц таму з аналагічнаю прапановаю выступіла Генеральная пракуратура Беларусі.

Паводле старшыні ГА «Здароўе ў ХХІ стагоддзе» Яўгена Зарэцкага, калі новаўвядзенне прымуць, то станоўчыя вынікі не прымусяць сябе чакаць. «Любы крок для абмежавання ў хуткім часе дае вынікі, але шмат будзе залежаць ад строгасці ў выканні закону на практыцы – ці здолеюць прадавачкі кожны раз правяраць пашпарт», – адзначыў эксперт.

Сацыяльны педагог аднаго з менскіх інтэрнатаў Кацярына Швайкоўская заўважае, што, нягледзячы на забароны распіваць алкаголь на тэрыторыі будынку, студэнты знаходзяць шляхі, каб падмануць вахту і пранесці бутэлькі.

«Сярод студэнтаў добра пашыраны прынцып узаемадапамогі, таму калі моладзі з малодшых курсаў не прададуць у краме алкаголь, яны папросіць набыць яго ў старэйшых сяброў, – дадала жанчына. – Нават магчымасць страціць месца ў інтэрнаце не спыняе моладзь адзначаць святы, спажываючы алкаголь».

Псіхолаг Юлія Міткевіч мяркуе, што будучае рашэнне будзе вельмі непаслядоўнае. «Калі з 18 гадоў малады чалавек атрымоўвае права на самастойнае жыццё і павінен сам адказваць за свае ўчынкі, то лагічна будзе яму даць права з гэтага ўзросту самаму вырашаць, ці варта спажываць алкаголь. У краінах, дзе спіртное прадаюць з 21 года, і ўзростам паўналецця лічаць не 18, а 21 год», – пракаментавала псіхолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў