Каваленка падчас галадоўкі згубіў 25 кілаграмаў (фота)


У судзе Першамайскага раёну Віцебску распачалося слуханне крымінальнай справы мясцовага апазіцыянера, актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі. Паводле інфармацыі жонкі падсуднага Алены, запланаваныя чатыры пасяджэнні ў ягонай справе: 21, 22, 23 і 24 лютага.

Каваленка быў затрыманы летась 19 снежня і змешчаны ў Віцебскі следчы ізалятар. Яго затрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Падставаю для крымінальнага пераследу сталі чатыры парушэнні, якія Каваленка нібыта здзейсніў, адбываючы пакаранне, прызначанае судом Кастрычніцкага раёну Віцебску. У траўні 2010 г. суд даў яму 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ялінцы Віцебску 7 студзеня. Гэты ўчынак суд кваліфікаваў як “наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства”.

На знак пратэсту супраць незаконнага затрымання Сяргей Каваленка 20 снежня абвясціў галадоўку, якую, паводле родных, трымае да гэтага часу, нягледзячы на спробы адміністрацыі калоніі карміць яго прымусова. Сваякі моцна непакояцца за ягонае здароўе.

Лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк і беларускія праваабаронцы заклікалі Каваленку спыніць галадоўку пратэсту. “Мы лічым Ваш пераслед выключна палітычным і заклікаем Вас зберагчы сваё здароўе для сваёй сям`і, жонкі, дзяцей, а таксама для Беларусі і яе будучыні”, — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны таксама падкрэсліваюць, што цяперашнія ўлады Беларусі не паважаюць ні яго перакананняў, ні яго жыцця

“У выпадку калі судовы прыгавор будзе звязаны з пазбаўленнем волі, мы будзем змагацца за Ваша вызваленне, як і за вызваленне кожнага з палітычных зняволеных. На сумленні гэтай улады ўжо не адно злачынства, але не варта такім чынам ахвяраваць сабой”, — упэўнены аўтары заявы.

Напярэдадні працэсу па справе Каваленкі віцебскі праваабаронца Павел Левінаў падаў на імя суддзі Першамайскага райсуда Алены Жук, якая будзе весці слуханні, пісьмовае патрабаванне замяніць для абвінавачванага ўтрыманне пад вартай на больш мяккую меру стрымання.

Левінаў лічыць утрыманне актывіста пад вартай палітычным заказам, паколькі іншых падстаў, каб ізаляваць Каваленку ад грамадства, ён не бачыць. “Сяргей Каваленка не ўяўляе небяспекі для дзяржавы і для грамадскасці. Ён не забойца, не рабаўнік, не кідаецца ў бойку”, — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронца мяркуе, што вызваліць Каваленку з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе, пад дамашні арышт або грашовы залог трэба ўжо таму, што ён праводзіць галадоўку і не знаходзіцца ў турме без урону для здароўя.

belsat.eu

Стужка навінаў