Прыватныя дамы могуць вырашыць праблему з чэргамі на жыллё


Аналітыкі прапаноўваюць рэалізаваць канцэпцыю “Аднапавярховая Беларусь” на ўзор падобнай амерыканскай канцэпцыі.

Пасля таго, як прынялі змены аб ільготным крэдытаванні, жыллёвае пытанне ў Беларусі паўстала яшчэ больш востра. Эксперты называюць немэтазгоднымі папярэднія спробы чыноўнікаў развязаць гэтую праблему, а менавіта – дзяржпраграмы скарачэння чэргаў.

“Адна з прычынаў невыканальнасці такога роду праграмаў – высокія цэны на энерганосьбіты, – лічыць аналітык “Bel.biz” Дзяніс Лаўнікевіч. – Сёння ў структуры выдаткаў пры вытворчасці будаўнічых матэрыялаў кошт энерганосьбітаў складае ў сярэднім 10–20 %. Аднак у цэменце, сценавых матэрыялах, шкле “энергетычны” складнік нашмат вышэйшы. А менавіта з гэтых матэрыялаў будуецца стандартны шматкватэрны дом. У сабекошце квадратнага метра жылля прыкладна 50–60 % прыпадае акурат на будматэрыялы.У выніку выдаткі на ўзвядзенне шматпавярховага будынку растуць як мінімум на 10–15 %, а часам і на 20–25 % за год. То бок кошт будаўніцтва расце, плацежаздольнасць грамадзянаў падае, а ідэі ўраду Беларусі не паспяваюць за гэтымі працэсамі”.

Часткова развязаць гэтую праблему магчыма за кошт прыватнага аднапавярховага жылля, на ўзор “Аднапавярховай Амерыкі”. Прыхільнікі такога падыходу бачаць шмат падабенства з Беларуссю. “У нас вельмі нізкая паводле еўрапейскіх меркаў шчыльнасць насельніцтва. Гэта значыць свабоднай зямлі, у тым ліку вакол гарадоў, хапае. З боку дзяржавы было б лагічна свабодна раздаваць гэтую зямлю у пэўных прадмесцях усім ахвотным, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, але з абавязкам – пачаць будаўніцтва ўласнага дому цягам года. Пры гэтым бюджэтныя сродкі, якія зараз накіроўваюцца у будаўнічыя арганізацыі, правільней было б выдаткоўваць на стварэнне камунальнай інфраструктуры”, – падкрэслівае спадар Лаўнікевіч.

Зараз зямельны надзел можна атрымаць толькі пры наяўнасці свабоднай незанятай зямлі, улучанай у адпаведны пералік. У выпадку з Менскам да нядаўняга часу існавала ажно чатыры чаргі. Сёлета іх павінны аб’яднаць у адну. Мэта – вызначыць адзіны парадак уліку грамадзянаў, тлумачаць у Дзяржаўным камітэце маёмасці. Рэч у тым, што пры праверках органамі кантролю і правааховы ўзнікала шмат пытанняў, чаму няма аднастайнасці пры пастаноўцы на чаргу. Узнікалі таксама розныя пытанні з крытэрамі: чаму ў адным выканкаме прапіска мае значэнне, у іншым – не, у адным раёне дадатковае ўласнае жыллё мае значэнне, у іншым – ужо не. Таму прапанавалі ўвесці адзіны парадак уліку. Хоць стварэнне адзінай чаргі ніяк не паўплывае на хуткасць яе прасоўвання.

“У гэтым пытанні важная актыўнасць мясцовых уладаў. То бок чым больш новых зямельных надзелаў у пералік улучыць выканкам, тым хутчэй людзі будуць атрымліваць зямлю пад будаўніцтва”, – адзначыў начальнік кіраўніцтва прававой ды кадравай працы камітэту маёмасці Аляксандр Савін.

belsat.eu

Стужка навінаў