Герман Грэф: Пуцінская мадэль сябе вычарпала


Кіраўнік расейскага “Сбербанку” крытыкуе палітычную сістэму краіны.

“Мадэль дзяржаўнага кіравання, што склалася ў мінулым стагоддзі ды якая была рэалізаваная ў мінулым дзесяцігоддзі, падышла да свайго вычэрпвання. І вось усе гэтыя гады мы кажам, што XXI стагоддзе будзе іншае. Гэтае XXI стагоддзе ў свеце надыходзіць зараз, у дзясятыя гады. Другая палова, 11, 12 і 13 гады, – гэта, напэўна, час, калі свет увойдзе ў эпоху грунтоўнай змены грамадскай сістэмы. Паўсюль. У Расеі гэта можа быць крыху больш востра. Мне падаецца, што адною з галоўных задачаў для новага прэзідэнта на наступныя 6 гадоў будзе гадаванне пакалення новых палітыкаў”, – кажа Герман Грэф.

Але шмат хто сумняецца, што ў Расеі будзе насамрэч новы прэзідэнт. Нягледзячы на хвалю пратэстаў пасля выбараў у Дзяржаўную думу, большасць палітолагаў упэўненая ў перамозе Уладзіміра Пуціна. Калі ён здолее атрымаць чарговыя два тэрміны, то застанецца ў Крамлі да 2024 года.

Сам Герман Грэф, як ні дзіўна, таксама падтрымлівае Пуціна і ўпэўнены, што гэта найлепшы з прэзентаваных кандыдатаў, прынамсі ў плане эканамічнай палітыкі. Кіраўнік “Сбербанку”, як ён сам кажа, ужо стаміўся ад палітыкі ды спадзяецца, што расейскае кіраўніцтва таксама зразумее неабходнасць палітычных пераўтварэнняў.

Герман Грэф быў міністрам эканомікі Расеі з 2000 да 2007 года, на пасадзе зарабіў рэпутацыю найбольшага ліберала ва ўрадзе Пуціна. Пад ягоным кіраўніцтвам “Сбербанк” увайшоў у пяцёрку банкаў Еўропы з найбольшаю капіталізацыяй сродкаў. Кіраўнік кажа, што ўстанова можа перажыць любы крызіс, аднак папярэджвае пра магчымасць дэвальвацыі расейскага рубля ў 2012 годзе.

Не самую светлую будучыню эканаміст прадказвае і для еўразоны. “Ведаеце, калі выйдзе адна альбо дзве краіны, то гэта толькі дадасць стабільнасці ды вызначанасці ў сітуацыі. Я, напрыклад, не бачу іншага стратэгічнага шляху. Мне падаецца, што тое, што мы бачым у еўразоне, кажа пра памылковасць еўраінтэграцыі”, – заявіў Герман Грэф.

belsat.eu

Стужка навінаў