Прэзідэнт ЗША зацвердзіў новую рэдакцыю Акту аб дэмакратыі ў Беларусі


Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама 3 студзеня зацвердзіў Акт аб дэмакратыі ды правах чалавека ў Беларусі–2011. Гэты закон працягвае тэрмін дзеяння Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятага ў 2004 г., а таксама шэрагу зменаў у дакуменце, паведамляе прэс-служба Белага дому.

Аўтарам законапраекту выступіў кангрэсмен ад Рэспубліканскай партыі Крыс Сміт. Як паведамляецца на сайце палітыка, дакумент накіраваны на «падтрыманне людзей, якія змагаюцца за асноўныя правы супраць Аляксандра Лукашэнкі – чалавека, якога часта называюць апошнім дыктатарам Еўропы».

Цяперашні Акт аб дэмакратыі пашырае спіс беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх могуць ужыць «візавыя і фінансавыя санкцыі». У іхны лік, у прыватнасці, увайшлі асобы, якія 19 снежня 2010 г. удзельнічалі ў гвалтоўных дзеяннях супраць лідараў апазіцыі, журналістаў і мірных дэманстрантаў, не згодных з вынікамі апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Акрамя таго ў Акце ўзгадваецца пра падтрымку незалженых СМІ. У дакуменце гаворыцца: “На думку кангрэсу, прэзідэнт мусіць працягваць падтыманне радыё-, тэле- або інтэрнэт-трансляцыі на мовах Рэспублікі Беларусь праз радыё “Свабода”, “Голас Амерыкі”, Еўрапейскае радыё для Беларусі і “Белсат”.

Злучаныя Штаты заклікаюць улады Беларусі правесці «новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ».

ЗША таксама заклікаюць Міжнародную федэрацыю хакею з шайбай адмяніць рашэнне аб правядзенні ў Менску чэмпіянату свету 2014 г. – «буйной спартовай падзеі, якую беларускі ўрад плануе выкарыстоўваць для легітымацыі свайго несправядлівага праўлення гэтак жа, як Камуністычная партыя Кітаю выкарыстоўвала Алімпіяду-2008», адзначаецца ў паведамленні, размешчаным на сайце Крыса Сміта.

belsat.eu

Стужка навінаў